Журналістам «Нашай Нівы» з уласных крыніцаў стала вядома, што ў атмасферы поўнай сакрэтнасці пачалі складаць спісы вязняў, якіх могуць неўзабаве вызваліць праз палітычную амністыю.
Спісы нібыта рыхтуе адзін са следчых органаў. Дакументы, якія праходзяць у гэтай справе, пазначаюцца абрэвіятурай «ДСК» – «для службовага карыстання».
Дакладнай інфармацыі пра тое, хто трапіць пад амністыю, няма, але вядома, што мусяць вызваліць вязняў, якіх вінавацяць у «драбязе» – нанясенні надпісаў. У той жа час крыніцы не гарантуюць на 100 %, што вызваленне будзе.
На пачатку чэрвеня з’явілася інфармацыя, што асуджаным у палітычных справах прапаноўваюць напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Тых, хто напіша, нібыта абяцалі вызваліць да 3 ліпеня.
Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч агучваў у інтэрв’ю «Deutshe Welle» прынцыповую пазіцыю беларускіх праваабаронцаў: вызваленне ўсіх палітвязняў без выключэння.
«Мы лічым, што павінна быць шырокая амністыя, і ўсё павінна быць аформлена Законам аб амністыі, менавіта палітычнай. Напрыклад, у суседняй Расеі такія палітычныя амністыі ўжываліся некалькі разоў».
Паводле Стэфановіча, гэта можа стаць першым крокам для дээскалацыі сітуацыі ў краіне, але трэба, каб падзея не ператваралася ў гандаль і вызваленне часткі палітвязняў.
На 15 чэрвеня ў Беларусі – 481 палітвязень.
ГГ, belsat.eu