Апеляцыйную скаргу журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай разгледзяць 23 красавіка а 10-й гадзіне ў Менскім гарадскім судзе.
Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму толькі за тое, што яны зладзілі стрым з плошчы Пераменаў. Журналістак абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел у «групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» і нават кіравалі імі, што пацягнула за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту.
Абаронцы дзяўчат не пагадзіліся з выракам суддзі Наталлі Бугук і яшчэ 26 лютага накіравалі апеляцыйную скаргу. Адвакат Сяргей Зікрацкі лічыць, што падзеі 15 лістапада 2020 года наогул нельга назваць дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Міжнародна-прававыя нормы гарантуюць грамадзянам права на мірныя сходы. І 15 лістапада грамадзяне рэалізоўвалі сваё права, лічаць адвакаты. Апеляцыйную скаргу на прысуд дзяўчатам разгледзяць у Менскім гарадскім судзе а 10.00, 23 красавіка.
Адваката Сяргея Зікрацкага, які абараняе шмат каго з беларускіх журналістаў у палітычна матываваных справах, выклікаюць на пераатэстацыю, якая адбудзецца 24 сакавіка.
Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова застаюцца за кратамі ўжо 120 дзён. Цяпер журналісткі ў СІЗА № 1. Каб падтрымаць дзяўчат, можна напісаць ім ліст.
Кацярыне Андрэеўне Бахвалавай (Андрэевай), Дар’і Дзмітрыеўне Чульцовай
СІЗА № 1
вул. Валадарскага 2
220030 Менск
Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, у якім паказалі, як сілавікі жорстка разганяюць акцыю памяці Рамана Бандарэнкі і разбураюць народны мемарыял. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі. Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.
СК belsat.eu