Адваката Зікрацкага выклікаюць на пераатэстацыю. Ён абараняе беларускіх журналістаў


Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас суда над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.
Фота: ТК / Белсат

Адваката Сяргея Зікрацкага, які абараняе шмат каго з беларускіх журналістаў у палітычна матываваных справах, выклікаюць на пераатэстацыю, якая адбудзецца 24 сакавіка, паведамляе TUT.by.

Сяргей Зікрацкі – адзін з найлепшых беларускіх адвакатаў, які спецыялізуецца на аўтарскім, карпаратыўным праве, інтэлектуальнай уласнасці. Апошнім часам ён выступаў абаронцам і ў палітычна матываваных справах, у тым ліку ў працэсах над журналістамі. Гэтак, менавіта Зікрацкі абараняў нашую каляжанку Кацярыну Андрэеву, якой прысудзілі два гады пазбаўлення волі, і партал TUT.by, калі яго пазбаўлялі статусу СМІ. Таксама Сяргей – адвакат працаўнікоў Прэс-клубу, якіх падазраюць у нясплаце падаткаў.

«Падставай для выкліку на пераатэстацыю стаў шэраг маіх каментароў у СМІ. Міністэрства юстыцыі палічыла, што гэтыя каментары не ў поўнай меры адпавядаюць заканадаўству, а таму сведчаць пра неналежнае выкананне мной сваіх прафесійных абавязкаў. У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі ініцыюе пазачарговую атэстацыю, каб вызначыць магчымасць далейшага выканання мной сваіх прафесійных абавязкаў», – распавёў TUT.by Зікрацкі.

Папярэдняя пазачарговая пераатэстацыя адбылася 4 сакавіка. Тады Міністэрства юстыцыі паведаміла, што з сямі адвакатаў яе прайшоў толькі адзін.

За апошнія месяцы свае ліцэнзіі страцілі адвакаты Марыі Калеснікавай Аляксандр Пыльчанка і Людміла Казак. Да таго ж, пазбаўленыя ліцэнзіі Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан і Уладзімір Сазанчук, які абараняе Міколу Статкевіча, блогера Змітра Казлова (Шэры Кот) ды быў адным з адвакатаў Кацярыны Андрэевай.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў