Дашкевіч дасылаў палітвязням лісты з Новым Запаветам. Яму вярнулі тры мяхі


Зміцер Дашкевіч атрымаў назад свае лісты палітвязням.
Фота: Зміцер Дашкевіч

Былы лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч у сваім Facebook распавёў, што ў яго не атрымалася даслаць лісты палітвязням. Ён забраў з пошты мех сваіх лістоў зняволеным з Валадаркі і два мяхі – «жодзінцам».

«Што ж за злачынства там такое было ўкладзена? Злачынства для акупацыйнай адміністрацыі страшнае: [віншавальныя] паштоўкі з Раством і Новы Запавет. «Часам не да закону» лагічна вярнулася да сваёй першапачатковай формы – «не да закону»: на мае скаргі ў пракуратуру са спасылкамі на парушаныя нормы іхняга ж «закону» нават ніхто адказы не дасылае», – абураецца Зміцер Дашкевіч.

Дашкевіч прызнаецца, што, гледзячы на гэтыя мяхі, адчувае роспач і не ведае, што з імі рабіць. Магчыма, актывіст захавае іх для будучага музею «26-гадовай акупацыі».

Таксама Дашкевіч закрануў тэму нядаўняга Усебеларускага народнага сходу. Яго абурыла прысутнасць у прэзідыуме прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёлу.

«У час, калі сотні палітвязняў стогнуць у турмах, тысячы сваякоў стогнуць без нявінна арыштаваных татаў і матуляў, сыноў і дачок – царкоўныя кіраўнікі ганарова засядаюць на VI зьезьдзе акупацыйнай адміністрацыі. Чаму так з імі адбываецца, правільна напісаў неяк атэіст (які, па сутнасці, больш веруючы за многіх кіраўнікоў цэркваў) Стась Карпаў: справа ў тым, што яны [Аляксандра] Лукашэнку баяцца больш, чым Бога», – лічыць Дашкевіч.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў