Не менш за 12 грамадзянаў. Што вядома пра беларусаў з ПВК Вагнэра

13 снежня Еўразвяз увёў санкцыі супраць расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, а таксама васьмі фізічных і трох юрыдычных асобаў, звязаных з гэтым падраздзяленнем. Беларусаў у санкцыйным спісе няма. Між тым, паводле СБУ, не менш за 12 грамадзянаў Беларусі ў розны час ваявалі ў ПВК Вагнэра. Belsat.eu нагадвае, што вядома пра беларускіх вагнэраўцаў, і як да іх ставіліся спецслужбы Лукашэнкі.

ПВК Вагнэра – дэ-факта засакрэчанае падраздзяленне расейскай арміі, якое выконвае адмысловыя баявыя задачы. За паспяховае выкананне гэтых задачаў вагнэраўцы атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды Расеі. Імаверна, Група Вагнэра непасрэдна падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню Генштабу Узброеных сілаў РФ. Паводле медыяў, фінансаванне ПВК ажыццяўляецца праз набліжанага да Уладзіміра Пуціна расейскага алігарха Яўгена Прыгожына. База прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра размяшчаецца ў Молькіна (Краснадарскі край РФ).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Яўген Прыгожын. Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

У 2018–2019 гг. дзякуючы Службе бяспекі Украіны сталі вядомыя імёны 12 грамадзянаў Беларусі, якія, як мяркуецца, ваявалі ў ПВК Вагнэра. У КДБ заяўлялі, што на падставе гэтых звестак арганізаваная праверка і праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Але дагэтуль невядома ніводнага выпадку, каб беларусаў-вагнэраўцаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

Хутчэй за ўсё, спецслужбы Лукашэнкі нават не спрабавалі ўсурʼёз займацца баевікамі ПВК Вагнэра. Як высветлілася ў 2018 годзе ў выніку расследавання «Белсату», найміты зусім не хаваліся ад праваахоўных органаў: яны рэгулярна наведвалі Беларусь, а некаторыя нават атрымлівалі на радзіме новыя пашпарты.

Баевікі ПВК Вагнэра прыязджалі ў Беларусь і зрабілі тут новыя дакументы. Расследаванне «Белсату»

Казус Бакуновіча

Самым вядомым беларусам-вагнэраўцам, безумоўна, ёсць Андрэй Бакуновіч – ён быў адным з 33 баевікоў, якіх раніцай 29 ліпеня 2020 года затрымалі ў Беларусі. Праўда, калі ўсе астатнія найміты былі затрыманыя ў санаторыі пад Менскам, то ён – у сваёй хаце ў Калінкавічах. «Прыехалі і забралі ад жонкі, ад дзяцей. Мы наагул не зразумелі, што адбываецца», – распавядала тады belsat.eu сястра баевіка.

Андрэй Бакуновіч. Фота са старонкі мужчыны ва «УКантакце»

Здзіўленне сваякоў можна зразумець: пра ягоную датычнасць да ПВК Вагнэра было вядома даўно, але да выбараў 2020 года ён не выклікаў ніякага інтарэсу ў спецслужбаў Беларусі.

Бакуновіч, які мае грамадзянства Расеі і Беларусі, ваяваў на Данбасе ў якасці камандзіра групы снайпераў, удзельнічаў у аперацыі пад Дэбальцавам на пачатку 2015 года. Тады ж быў сурёзна паранены, лячыўся ў вайсковым шпіталі Паўднёвай вайсковай акругі РФ. Потым неаднаразова выязджаў у баявыя камандзіроўкі ў Сірыю і Лівію. Імя Бакуновіча нават трапіла ў даклад аб сітуацыі ў Лівіі, падрыхтаваным для Рады бяспекі ААН 24 красавіка 2020 года. Беларуса згадалі там у якасці аднаго са 122 ідэнтыфікаваных экспертамі байцоў ПВК Вагнэра, што ваявалі ў Лівіі.

Адразу пасля затрымання 33 вагнэраўцаў гэтыя факты біяграфіі найміта актыўна распаўсюджвалі прапагандысцкія рэсурсы, падкрэсліваючы тым самым, якая небяспека пагражала Беларусі. Але інтарэс КДБ да асобы Бакуновіча як раптоўна з’явіўся, так раптоўна і знік. Пасля прэзідэнцкіх выбараў Крэмль падтрымаў Лукашэнку, і той неўзабаве адпусціў расейскіх наймітаў, ды нават адправіў свайго старэйшага сына Віктара, каб той прынёс прабачэнні вагнэраўцам. 32 баевікі адправілі ў Расею, а 33-ці – Андрэй Бакуновіч – застаўся ў краіне.

Вагнэраўцы ў беларускіх лясах. Гісторыя самага рэзананснага фэйку Лукашэнкі

Сябры з Наваполацку

Нарадзінцы Наваполацку Вадзім Юшкевіч і Канстанцін Гірс, паводле інфармацыі спецслужбаў Украіны, далучыліся да ПВК Вагнэра яшчэ ў 2015 годзе на Данбасе.

Юшкевіч – былы маёр міліцыі. Ён быў звольнены з органаў у 2014 годзе за «парушэнне працоўнай дысцыпліны». Адзін з саслужыўцаў з Данбасу характарызаваў Юшкевіча так: «Ён здаваўся жорсткім, без прынцыпаў – як кажуць, адмарожаны». Гірс адслужыў тэрміновую службу ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, а потым спрабаваў займацца бізнесам, але, відаць, няўдала.

Цікава, што Гірс і Юшкевіч трапілі ў створаную супольна КДБ і МУС базу звестак баевікоў, якая была апублікаваная ў ліпені 2021 года ініцыятывай ByPol. Там можна знайсці некаторыя цікавыя звесткі наконт нарадзінцаў Наваполацку. Напрыклад, паводле МУС, Гірс меў судзімасць (за што – не ўдакладняецца) і 37 адміністратыўных пратаколаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Найміты ПВК Вагнэра. Крыніца: ssu.gov.ua

Са звестак спецслужбаў вынікае, што Юшкевіч падтрымліваў сяброўскія стасункі з былымі калегамі з міліцыі, а пасля ўдзелу ў баявых дзеяннях на Данбасе як мінімум некалькі разоў прыязджаў у Беларусь. У студзені 2018 года байцы ГУБАЗіКу правялі размову з ім, падчас якой Юшкевіч адмаўляў свой удзел у баявых дзеяннях. Гэтых словаў сілавікам цалкам хапіла – яго не затрымалі і не распачалі следства. У адзін дзень з Юшкевічам байцы ГУБАЗіКу апыталі і Гірса – вынік быў той самы.

Сямейны падрад Вагнэра

45-гадовы Уладзімір Курыненка і 30-гадовы Эдвард Давыдаў – нарадзінцы палескага гораду Іванава. Яны сваякі: дзядзька і пляменнік.

Адзін з суседзяў Курыненкі распавядаў belsat.eu, што ва Уладзіміра калісьці былі праблемы з законам, таму ён з’ехаў у Расею, працаваў на Поўначы. А потым ужо ўсплыў у ПВК Вагнэра: паводле СБУ, Курыненка быў камандзірам 1-га ўзводу 3-й выведвальна-штурмавой роты.

Пра Эдварда Давыдава ўсе суседзі выказваліся станоўча і нават шкадавалі яго, бо ён сірата. Давыдаў адслужыў тэрміновую службу ў беларускім войску, пазней працаваў зваршчыкам, а потым паехаў на заробкі ў Расею. Пра службу Давыдава ў ПВК Вагнэра ягоныя знаёмыя даведаліся ўжо з медыяў.

Беларускія найміты ў Судане

Былы афіцэр брыгады спецназу ўнутраных войскаў Аляксей Бярговін праслужыў у в/ч 3214 сем гадоў (2003–2010). Потым спрабаваў займацца бізнесам, але няўдала – паводле ўласнага прызнання, яго «задушыла лукашэнкаўская бюракратыя».

У 2015 годзе ён натхніўся крамлёўскай прапагандай і паехаў ваяваць на Данбас. Трапіў там у 100-ю брыгаду, атрымаў раненне (аповед Бярговіна пра ягоны баявы досвед можна знайсці ў кнізе «Беларускі Данбас»).

Восенню 2015 года былы афіцэр спецназу вярнуўся ў Беларусь. Як вынікае са звестак, апублікаваных ByPol, праз сваіх знаёмых у КДБ Бярговін сам звязаўся з чэкістамі і распавёў ім пра паездкі на Данбас. Але сцвярджаў пры гэтым, што быў там проста валанцёрам і вазіў гуманітарную дапамогу. Калі верыць звесткам ByPol, сілавікі ўспрынялі гэтыя словы як падрыхтаваную легенду. Аднак нягледзячы на недавер да паказанняў Бярговіна, такія адказы іх цалкам задаволілі – праблемаў з праваахоўнымі органамі ў Беларусі ён не меў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота, апублікаванае СБУ, нібыта паказвае наймітаў ПВК Вагнэра ў нявызначаным месцы. Крыніца: ssu.gov.ua

Бярговін жыў у Беларусі да 2017 года, а потым з’ехаў у Расею, дзе далучыўся да ПВК Вагнэра. Паводле СБУ, ён быў адным з тых, каго ў 2018 годзе накіравалі ў Судан абараняць мясцовага дыктатара Умара аль-Башыра.

У 2019 годзе бацька Бярговіна распавядаў «Белсату», што ў ягонай кватэры супрацоўнікі КДБ зладзілі ператрус. Але, мяркуючы з усяго, працягу гісторыя не атрымала: Бярговін потым без праблемаў наведваў сваякоў у Беларусі.

У аперацыях вагнэраўцаў у Судане засвяціўся і яшчэ адзін беларус – Аляксандр Ступніцкі з Воршы.

Ягоная маці (прынамсі ў 2018 годзе) працавала ў мясцовым аддзеле Дэпартаменту аховы МУС. Сам Аляксандр, калі верыць суседзям, таксама нейкі час служыў у «ахове». У 2014 годзе ён паехаў ваяваць на Данбас, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Анастасіяй, якую неўзабаве прывёз у Беларусь. У Воршы ў іх нарадзілася дзіця.

У 2016 годзе Ступніцкі ўдзельнічаў у вайне ў Сірыі, дзе атрымаў раненне. За баі ў раёне Пальміры, паводле некаторых крыніцаў, беларус быў узнагароджаны расейскім ордэнам Мужнасці.

Дэтэктыў, легіянер і забітыя

49-гадовы Сяргей Сазанаў з Рэчыцы 17 гадоў адпрацаваў у міліцыі, у 1990-я мясцовая газета «Дняпровец» называла яго найлепшым дэтэктывам гораду. Але потым Сазанаў раптам «не захацеў больш заставацца ў сістэме». Ужо пасля звальнення яго пазбавілі пасведчання кіроўцы, нібыта за ўжыванне псіхатропных рэчываў.

Паводле сваякоў, у 2014 годзе Сазанаў ездзіў на Данбас – казаў, што дапамагаў перавозіць гуманітарную дапамогу (баевікі нярэдка выкарыстоўвалі такую легенду, калі хацелі схаваць свой удзел у вайне). Калі і як ён трапіў да вагнэраўцаў, не вядома.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Найміты ПВК Вагнэра. Крыніца: informnapalm.org

Руслан Бабінін у 2000-я служыў у Французскім замежным легіёне. Потым спрабаваў займацца бізнесам у Парыжы, але ягоная фірма праіснавала ўсяго некалькі гадоў і ў 2015 годзе была зліквідаваная. Імаверна, пасля гэтага ён і далучыўся да ПВК Вагнэра.

Яшчэ двое беларусаў-вагнэраўцаў былі забітыя на Данбасе. Абодвух звалі Вадзім Васілеўскі (яны поўныя цёзкі), абодва раней служылі ў сілавых структурах. Адзін загінуў улетку 2014-га, другі – летам 2015-га. Пахавалі іх у Беларусі.

Адзіны фігурант беларускага спісу вагнэраўцаў, пра якога дагэтуль нічога не вядома, – гэта Сяргей Кузняцоў з Івацэвічаў. Паводле СБУ, ён служыў разведчыкам у 1-й выведвальна-штурмавой роце ПВК Вагнэра.

***

Спіс з 12 беларусаў-вагнэраўцаў нельга лічыць вычарпальным – гаворка ідзе толькі пра тых, хто трапіў у поле зроку СБУ паводле стану на 2018–2019 гг. Таксама на дадзены момант невядома, хто з 10 жывых беларусаў-вагнэраўцаў працягвае служыць у ПВК і ці застаецца хтосьці з іх цяпер у Беларусі.

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны