Бабарыку ў калоніі зрабілі ўкладчыкам хлебабулачных вырабаў. Умовы працы пагоршыліся


За жнівень Віктар Бабарыка зарабіў 1 рубель 60 капеек на працы апольнікам у пякарні. Цяпер яго перавялі на новую працу ў горшых умовах.

Віктар Бабарыка.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Telegram-канал штабу Віктара Бабарыкі паведаміў пра новую працу палітвязня ў папраўчай калоніі № 1: хоць на мінулым тыдні ён прайшоў атэстацыю ў спецыяльнасці апальніка пякарні, яго перавялі на новую працу: укладчыка хлебабулачных вырабаў.

Умовы працы пагоршыліся. Цяпер ён мусіць пастаянна знаходзіцца ў пякарні, дзе нават пры выключаных печах тэмпература перавышае 30°С, а памяшканне практычна не вентылюецца, і адчыняць вокны цяпер нельга (да пераводу Бабарыкі, піша яго штаб, там гэта дазвалялі).

Артыкулы
Віктар Бабарыка пра беларускую рэвалюцыю: «Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства»
2021.08.31 12:30

Адвакаты Бабарыкі маюць намер звярнуцца ў кампетэнтныя органы для праверкі ўмоваў працы ў пякарні.

Да зняволення Віктар Бабарыка 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам». У 2020 годзе ён абвясціў, што вылучаецца кандыдатам на прэзідэнта. Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку, кіраўніка ягонага перадвыбарчага штабу, затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. На той момант за вылучэнне Бабарыкі на прэзідэнта сабралі 425 тысяч подпісаў пры неабходных 100 тысячах.

Судовы працэс у «справе «Белгазпрамбанку» пачаўся 17 лютага 2021 года і цягнуўся амаль 5 месяцаў. Прысуд палітзняволенаму экс-банкіру вынеслі 6 ліпеня: яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Суддзя Вярхоўнага cуду Ігар Любавіцкі пакараў Віктара Бабарыку 14 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафам 145 тысячаў рублёў (5 тысячаў базавых велічыняў). Таксама палітычны вязень павінен выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду.

Пісаць Віктару Бабарыку можна на адрас: ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8.

Артыкулы
Нашыя героі і пакутнікі: 10 найбольш цяжкіх прысудаў па палітычных справах
2021.09.09 16:53

АА belsat.eu

Стужка навінаў