Затрыманы былы палітвязень. Ён вярнуўся ў Беларусь да сям’і, хоць яму забаранілі ўезд на 10 гадоў


Андрэй Новікаў.
Фота: Радыё Рацыя

Увечары 13 красавіка ў Паставах затрымалі расейца, былога палітвязня Андрэя Новікава. Андрэй прыехаў адведаць жонку з дзецьмі. Папярэдне яму інкрымінуюць арт. 371 Крымінальнага кодэксу («Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь»). Яму можа пагражаць да 5 гадоў зняволення.

Андрэй Новікаў праходзіў у«справе Ціханоўскага». Ён жыў з сям’ёй у Пастаўскім раёне. Калі яго дэпартавалі, сям’я засталася ў Беларусі.

Андрэя затрымалі 6 чэрвеня, калі ён ехаў на трактары каля вёскі. Перавялі ў Менск у СІЗА на вуліцы Валадарскага. За кратамі ён правёў амаль паўгода.

26 кастрычніка Андрэя Новікава вывезлі на трасу М1 на мяжу з Расейскай Федэрацыяй, аддалі пашпарт з забаронаю прыязджаць у Беларусь 10 гадоў. Пра гэта ён даслаў паведамленне ў глыбоцкі тэлеграм-канал.

У Пастаўскім раёне ў Андрэя Новікава засталіся жонка і двое дзяцей. Малодшай дачцэ – паўтара года. Сям’я тады не змагла выехаць: пасля цяжкіх родаў жонцы была патрэбная рэабілітацыя і кансультацыі ў доктара.

Hавiны
«Андрэй ніколі не напіша, што яму дрэнна». Амаль 4 месяцы расеец сядзіць за кратамі ў Беларусі
2020.09.18 20:40

Новікаў быў валанцёрам у выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай, збіраў подпісы за ейнае вылучэнне. Яго абвінавацілі паводле таго ж артыкулу, што і Сяргея Ціханоўскага, – ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Новікаў наракаў, што ён быў высланы з Беларусі без выканання нормаў заканадаўства, без законных працэдураў, што ягоны статус у крымінальнай справе пасля дэпартацыі невядомы: «Арышт быў адменены без аніякіх тлумачэнняў».

Андрэй Новікаў – беларус, нарадзіўся ў беларускім Варапаеве, пасля школы вучыўся і служыў у расейскім Усурыйску. Працаваў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у ваенных аперацыях на тэрыторыі Чачэніі.

AB belsat.eu

Стужка навінаў