Самалёты з беларускімі вайскоўцамі прызямліліся ў Мачулішчах

Беларускі вайскоўцы са складу Калектыўных міратворчых сіл АДКБ вярнуліся ў Беларусь на ваенны аэрадром Мачулішчы, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

«Вывад беларускіх вайскоўцаў з Рэспублікі Казахстан завершаны», – паведамілі ў ведамстве.

Беларускія вайскоўцы ў Казахстане. Скрыншот: Минобороны России / Youtube

Дастаўка міратворцаў ажыццяўлялася самалётамі ВКС Расеі.

«Дзесяць самалётаў з міратворцамі АДКБ Рэспублікі Беларусь, завяршыўшы пагрузку, вылецелі з аэрадрому Жытыген у Менскую вобласць», – раней паведамляла ТАСС са спасылкай на Міністэрства абароны РФ.

Нагадаем, згодна з рашэннем Савету калектыўнай бяспекі АДКБ, прынятым 6 студзеня 2022 года, з Беларусі ў Казахстан паляцела міратворчая рота са складу 103-й паветрана-дэсантнай брыгады ССА. Паводле афіцыйных паведамленняў, на месцы беларускія міратворцы ахоўвалі вайсковыя, дзяржаўныя і сацыяльна значныя аб’екты ў Алматы і прылеглых раёнах, у тым ліку вайсковы аэрадром Жэтыген.

Акрамя Беларусі сваіх вайскоўцаў у Казахстан накіравалі Расея, Арменія, Таджыкістан і Кыргызстан.

Вывад войскаў АДКБ з Казахстана пачаўся 13 студзеня. Яны павінны пакінуць краіну на працягу дзесяці дзён.

Місія АДКБ у Казахстане скончылася

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны