За паўгода ў СІЗА Аляксандр Івулін адкрыўся сябрам з новага боку


Аляксандр Івулін
Фота: facebook.com/aleksandr.ivulin

Журналіст «Трыбуны», аўтар YouTube-канала «Чеснок» і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін пазбаўлены волі з 3 чэрвеня, калі яго забралі каля пад’езда. У лістах з СІЗА ён распавядае пра свой побыт, піша вершы і малюе, паведамляе Tribuna.com.

За паўгода ад Івуліна на волю прыйшло больш за 700 лістоў. Так адкрылася яго любоў да складання вершаў, выяўленчаму мастацтву, шахматам, а яшчэ Аляксандр практыкуецца ў беларускай мове і шмат чытае.

«Пра свае шахматныя поспехі Івулін паведаміў на беларускай мове. Ён спакойна адказвае на ёй на лісты, не лічыць магчымыя памылкі чымсьці, што павінна замінаць у гэтым. Вось вам кавалачак паслання Сашы на мове – з апіскай і памылкай, але таму не менш прыемны», – адзначае Tribuna.com.

Урывак з ліста Аляксандра Івуліна. Выява: Tribuna.com

Аляксандра Івуліна і таксама аператара Яраслава Пісарэнку затрымалі ля кватэры 3 чэрвеня. На наступны дзень журналіста асудзілі на 30 содняў адміністрацыйнага арышту нібыта за сцяг на акне кватэры. Пасля 30 содняў арышту ён на волю не выйшаў. Стала вядома, што Аляксандра перавялі ў СІЗА №1 па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

На пачатку снежня 2021 стала вядома, што справу Аляксандра перадалі ў пракуратуру: неўзабаве можа пачацца суд.

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2

Стужка навінаў