Вынікі пошуку для:

Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Аліне Коўшык: «Немагчыма супрацьстаяць рэжыму адкрыта»

Беларусь абмяркоўваюць на Захадзе, але не ў тым ключы, у якім мы хочам бачыць, мяркуе Святлана Ціханоўская. Пра што яна размаўляла з прэзідэнтам Польшчы Анджэям Дудам? Ці рэжыму Лукашэнкі можна супрацьстаяць адкрыта? Інтэрв’ю Аліны Коўшык са Святланаю Ціханоўскай.

А. К. Мы сустракаемся на Варшаўскім форуме бяспекі. Тут шмат казалі пра Беларусь. Беларускіх спікераў было не шмат, але тэма Беларусі была адна з самых топавых. Дзе цяпер мяжа бяспекі Еўропы? На мяжы з Беларуссю?

С.Ц. Менавіта таму, што цяпер міграцыя стварыла пагрозу на мяжы з Беларуссю, Беларусь зноў абмяркоўваецца, на жаль, не ў тым ключы, у якім мы хочам бачыць. Правы чалавека і гвалт, які адбываецца ў Беларусі, – фокус нашых паведамленняў. Я вельмі спадзяюся, што Еўропа, бачачы, якія метады выкарыстоўвае рэжым, каб стаць пагрозай не толькі для беларусаў, але і для еўрапейскіх краінаў, будзе рабіць больш актыўныя дзеянні – каб ціснуць на рэжым. Будзе казаць пра тое, што адбываецца не толькі на мяжы, але і ў Беларусі.

Вы размаўляеце наконт міграцыйнага крызісу на самым высокім узроўні, сустрэліся з польскім прэзідэнтам – гэта ўжо вашая другая сустрэча. Пра што вы размаўлялі і якія вынікі сустрэчы?

Перш за ўсё мы казалі пра Беларусь і беларусаў у Польшчы. Пра тое, што на праграму Каліноўскага цяпер прымаюць нашмат менш студэнтаў. Гаварылі пра рэлакантаў, што ім патрэбная дапамога. Пра бізнесы, якія пераехалі з Беларусі. Фокус на Беларусі быў, але відаць, што пытанне міграцыі асабліва адчувальнае цяпер. Вялікая асцярога ёсць, бо ёсць розныя меркаванні ў Еўропе, што рабіць з міграцыйным крызісам. Асуджаюць, напэўна, некаторыя дзеянні ўраду, што не ўсіх людзей пускаюць. Я казала, што Польшча невінаватая, што людзей прывозяць у Беларусь спецыяльна, каб помсціць за дапамогу беларусам. Заклікаю міжнародную супольнасць пераадолець праблему: а праблема – у рэжыме. Калі пабудаваць сцены, дамовіцца з тымі дзяржавамі, адкуль ляцяць мігранты, то можа паўстаць іншая пагроза бяспекі. Паралельна вырашаючы пытанне з міграцыяй, не трэба адцягваць увагі ад прычыны.

Як далёка можа зайсці Аляксандр Лукашэнка ў міграцыйным крызісе

У гэтым і ёсць мэта Лукашэнкі – падзяліць заходняе грамадства. Але міграцыйны крызіс – гэта праблема і для самога Лукашэнкі. Больш за 10 тысяч чалавек цяпер перабываюць у Беларусі, так званых турыстаў. Ідзе зіма. Нават мае бацькі, якія жывуць вельмі блізка да мяжы з Польшчай, кажуць, што бачылі цемнаскурых людзей, якія выходзілі з лесу. Людзі рэальна баяцца.

Людзі з паўднёвых краін не прывыклі да такіх умоваў надвор’я, таму будзе яшчэ больш ахвяр. У размове з Анджэем Дудам я зразумела, што гэта іх на чалавечым узроўні турбуе. Гэта робіцца праблемай для Беларусі. Людзей няма куды рассяліць. Яны могуць пачаць прэтэндаваць на жыллё беларусаў каля мяжы. І гэта становіцца праблемай рэжыму, што рабіць з гэтымі людзьмі. Гэта як пастка, з якой няма выйсця. Ніхто не ведае, што будзе далей. І рэжым павінен гэта вырашаць. Хто чалавечней, хто вытрымае даўжэй? Або ўсіх пусцяць, або «праявяць нечалавечнасць», як любяць вінаваціць польскі і літоўскі ўрад. Тут павінна быць выразная пазіцыя. Мы не павінны дапусціць, каб з намі гулялі ў гэтыя палітычныя гульні лёсамі людзей.

Людзі тут закладнікі, яны не да канца разумеюць, чаму яны тут апынуліся, чаму такая сітуацыя. Мы таксама ведаем, што яны не хочуць заставацца ў Польшчы. Іхны шлях – на Захад, што яшчэ раз падкрэслівае: гэта не зусім уцекачы. Вы падтрымліваеце пазіцыю Польшчы і Літвы, што не варта пускаць гэтых людзей?

Я не магу вырашаць за ўрады суседніх краін, але, разумеючы, навошта гэта робіцца, лічу, што трэба дапамагаюць тым, хто на самай справе ў гэтым мае патрэбу: жанчынам, цяжарным, дзецям, тым, у каго дрэнна з фізічным здароўем. Тым не адмовіш. Але нельга дазваляць выкарыстоўваць людзей у барацьбе з суседнімі краінамі. Гэта складаная сітуацыя, шмат меркаванняў, што з гэтым рабіць. Відавочна, што гэтая праблема створаная штучна рэжымам. Мы настойваем – глядзіце ў корань.

Хто будзе рэпрэзентаваць Беларусь на саміце «Усходняга партнёрства» ў Бруселі?

Важна не забываць пра беларусаў, якія цяпер у Беларусі. Што цяпер для вас самае важнае, як падтрымаць гэтых людзей? Яны ў пэўным сэнсе закладнікі рэжыму, нават калі не ў турме.

Тэма міграцыі цяпер на паверхні. Я ўвесь час кажу, што міграцыя – сур’ёзная праблема, Давайце паглядзім, што за ёй стаіць. Стаяць беларусы, якія дзень пры дні баяцца заставацца ў краіне. Трэба іх падтрымліваць.

Якія вашыя крокі, што самае галоўнае, каб падтрымаць беларусаў, якія засталіся?

Думаць пра бяспеку. Я разумею, што немагчыма супрацьстаяць рэжыму адкрыта. Але калі вы можаце нешта зрабіць, маленькі крок – зрабіце. Пішыце лісты, дапамагайце сваякам палітвязняў, дапамагайце сабе, але не спыняйцеся і не апускайце рук. Калі людзі здаюцца, то пераходзяць у такую фазу (а я спадзяюся, гэтага не здарыцца), што мы вернемся ў той стан, у якім жылі 27 гадоў. Занадта шмат ахвяр, занадта шмат было зроблена, каб цяпер узяць і спыніцца.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 07.10.21

Фота: Сяргей Пеляса, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны