Журналістку Кацярыну Барысевіч перавялі з Жодзінскага СІЗА ў Магілёў, паведамляе партал Tut.by. Гэта зрабілі за тыдзень да таго, як канчаецца ейны тэрмін утрымання пад вартаю, 19 траўня.
Верагодна, Кацярына выйдзе на волю з калоніі ў Гомлі, куды накіроўваюць упершыню асуджаных жанчын. Пакуль жа яна часова застаецца ў СІЗА Магілёва.
Журналістку затрымалі 19 лістапада 2020 года і ўвесь гэты час трымалі ў СІЗА – спачатку ў Менску, затым у Жодзіне.
Кацярыну Барысевіч судзілі за разгалашэнне медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Паводле версіі Генпракуратуры, гэта «павышаная напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзянаў да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў».
У выніку суда Кацярыну асудзілі на паўгода пазбаўлення волі і штрафам Br 2900.
Таксама вінаватым у справе прызналі доктара БХМД Арцёма Сарокіна. Ён атрымаў два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і выйшаў на волю пасля абвяшчэння прысуду. Абое асуджаныя віну не прызналі.
АД, belsat.eu