У Гомлі судзяць сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай


Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
Фота: gp.by

12 красавіка ў Гомлі пачаўся працэс над сябрамі ініцыятыўнай групы экс-кандыдаткі на прэзідэнцтва Беларусі Святланай Ціханоўскай: Юрыем Уласавым, Дзмітрыем Івашковым, Аляксандрам Шабаліным і Таццянай Канеўскай.

Іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і планах захопу адміністрацыйных будынкаў.

На працэс прыйшлі каля 40 чалавек (сваякі, група падтрымання і журналісты), але ў залу здолелі трапіць лічаныя людзі, якія размясціліся паводле антыковіднай рассадкі. У фае на першым паверсе паставілі металадэтэктарную рамку, забаранілі фота- і відэаздымкі нават на калідоры. Каля суда ходзіць патруль амапаўцаў і стаіць супрацоўнік ДАІ.

Аляксей Канеўскі, сын абвінавачанай Таццяны Канеўскай, паведаміў, што ў залу паседжанняў пусцілі толькі чатырох сваякоў палітзняволеных, аднаго ад кожнай сям’і. Апроч іх у зале – шэсць пацярпелых (імаверна, сілавікоў), некалькі супрацоўнікаў дзяржаўных медыяў, тры чалавекі, якіх ніхто не ведае і якія прайшлі праз уваход для суддзі. Вольных месцаў досыць. Пацярпелыя заявілі хадайніцтва, каб іх дапытвалі без наведнікаў у закрытым рэжыме. Цяпер ідзе іх допыт. Перапынку на абед не робяць. Тэлефоны прымусілі здаць у камеру захоўвання толькі сваякоў. Усе астатнія прысутныя сядзяць з тэлефонамі, сказаў Аляксей Канеўскі.

На пачатку працэсу Юрый Уласаў заявіў адвод суддзю Хлышчанкову. Суддзя яго адхіліў. Сваякі абвінавачаных зазначаюць, што і суддзя, і пракурор кажуць вельмі ціха, немагчыма нічога пачуць. Пасля просьбы казаць гучней сітуацыя не палепшылася.

belsat.eu

Стужка навінаў