У Берасці затрымалі дырэктарку Польскай школы


Ганна Панішава.
Фота: радыё «Свабода»

Сёння, 12 сакавіка, затрымалі дырэктарку арганізацыі «Польская школа» Ганну Панішаву. Яна вярнулася ў Беларусь з Польшчы, паведамляе TUT.by.

Ганна Панішава вярталася з Польшчы аўтобусам і мелася прыбыць а 13:20. Цяпер ейны тэлефон недаступны. Затое ў тэлеграм-канале Белтэлерадыёкампаніі з’явілася відэа затрыманай Панішавай у кайданках, яна патрабуе пракурора.

11 сакавіка ў Берасці затрымалі аднаго з сузаснавальнікаў Польскай школы Аляксандр Н. Паводле заявы пракуратуры, затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы аб гераізацыі ваенных злачынцаў (ч. 3 арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы ці розні»). Гэтую справу пачалі ў сувязі са святкаваннем дня «выклятых жаўнераў» у польскіх арганізацыях Берасця 28 лютага. Пасля гэтага МЗС Беларусі выслаў з краіны польскага консула ў Берасці Ежы Тымафеюка, Польшча абвясціла, што высылае ў адказ беларускага дыпламата. Пазней афіцыйны Менск паведаміў пра высылку польскага консула ў Горадні Ярослава Ксёнжэка.

Hавiны
У Берасці затрымалі сузаснавальніка Польскай школы
2021.03.11 18:03

Паводле следчых, 28 лютага група асобаў «учыніла наўмысныя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю нацызму і распальванне нацыянальнай варажнечы». «Следчыя ва ўзаемадзеянні з працаўнікамі шостага кіравання (па Берасцейшчыне) ГУБАЗіК МУС правялі ператрусы ў офісе арганізацыі і паводле месцаў жыхарства яе працаўнікоў. Сканфіскавалі офісную тэхніку, устаўную дакументацыю ды іншыя матэрыялы, у тым ліку плакаты і літаратуру пра дзейнасць Рамуальда Райса. Следчыя і міліцыянты праводзяць неадкладныя следчыя дзеянні», – паведамляе Следчы камітэт.

Напярэдадні дырэктарка школы Ганна Панішава на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала адкрыты зварот да грамадскасці з нагоды крымінальнай справы. Абвінавачванні яна называе «надуманымі» і лічыць, што іх мэта – «ліквідацыя Польскай школы».

«Падчас камандзіроўкі я даведваюся, што нашая школа, аказваецца, праводзіць – складана нават гэта сказаць – антычалавечую прапаганду фактычна. Прапаганду нацыянальнай варожасці, прапаганду рэлігійнай варожасці. У мяне ў галаве не ўкладаецца, як можна было прымяніць да нашай школы такія словы. Тым не менш пачатая вытворчасць, паводле Крымінальнага кодэксу, паводле артыкулу 130. Я не юрыстка, але мне здаецца, што тут насамрэч ёсць, можа, нейкае непаразуменне, можа, нейкая злая воля», – сказала Ганна Панішава.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў