У народных дэлегатаў платформы «Сход» адбываюцца ператрусы

Да дэлегатаў платформы «Сход» 11 жніўня з ператрусам прыйшлі сілавікі. Паводле інфармацыі валанцёраў, ператрусы адбыліся ў 23 дэлегатаў платформы «Сход», піша Тэлеграм-канал «Спісы Акрэсціна».

Пакуль дакладна не вядома, колькі з іх затрыманыя.

Паведамляецца пра ператрус у былога амбасадара Беларусі ў Славаччыне Ігара Ляшчэні. Пасля выбараў ён асудзіў гвалт і пакінуў пасаду. Ляшчэня адзін з дэлегатаў платформы «Сход».

Дэлегат платформы «Сход» Ігар Ляшчэня. Фота: «Наша Ніва»

Затрыманы сёння прафесійны трэнер і трыятланіст Аляксей Адамовіч таксама быў дэлегатам ад «Сходу».

Па яго прыйшлі на працу і павезлі дадому на ператрус, які ўчынілі згодна з пастановаю паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Пасля ператрусу спартоўца павезлі на допыт у Камітэт дзяржаўнай бяспекі. А 18-ай гадзіне стала вядома, што Аляксей Адамовіч, якога сёння ўдзень затрымалі на працы, выйшаў з допыту. Ён пад падпіскай аб неразгалошванні.

Верагодна, затрыманне Дзяніса Садоўскага таксама звязанае з тым, што ён быў прадстаўніком платформы «Сход».

А 17-ай гадзіне жонка Дзяніса Садоўскага паведаміла, што ён дома пад падпіскай аб неразгалошванні.

На выхадзе з дому затрымалі сакратара партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

Прыходзяць і паведамленні пра ператрусы як мінімум у чатырох іншых дэлегатаў «Сходу» – Алены Радаман, Юрыя Пісарчука, Уладзіміра Каралёва і Максіма Жукава. Магчыма, яны таксама былі затрыманыя.

Акрамя таго, не выходзяць на сувязь Радзіслаў Фяцісаў, Наталля Абрашава-Жадаева і Арцём Чэпель.

Шэраг дэлегатаў паведамляе, што ім тэлефануюць з незнаёмых нумароў, а некаторым суседзі перадалі, што каля іхных кватэраў стаяць невядомыя людзі.

Платформа народных прадстаўнікоў «Сход» была створаная як альтэрнатыва праўладнаму «Усебеларускаму народнаму сходу» дзеля дыялогу паміж народам і ўладамі. Дэлегатаў на «Сход» абіралі беларусы пра інтэрнэт-пляцоўку.

Грамадства патрабуе дыялог, улады могуць адказаць толькі тэрорам. Навошта патрэбны альтэрнатыўны сход

АД belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны