Палітзняволеная Наталля Хершэ тройчы адмовілася прасіць памілавання


«Наталля ўсім адмовіла, бо лічыць сябе невінаватаю», – сказаў радыё «Свабода» брат зняволенай Генадзь Касьян.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: Белсат

Грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ засудзілі ў Беларусі на два з паловай гады зняволення за сарваную з сілавіка балаклаву. У няволі з 19 верасня 2020 года. Адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі № 4. Жанчыну прызналі палітычнай зняволенай. Два месяцы правяла ў штрафным ізалятары за адмову шыць форму для сілавікоў, цяпер адна ў памяшканні камернага тыпу.

Нядаўна Генадзь Касьян атрымаў ад сястры першы ліст за амаль чатыры месяцы. Наталля піша, што за апошнія два тыдні да напісання свайго ліста атрымала толькі адзін ліст.

Артыкулы
«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі
2021.04.05 08:00

Палітзняволеная адчувае сябе добра, стрэсу не мае, хіба перажывае за валасы, якія пачалі выпадаць. Чытае «Архіпелаг ГУЛаг» і захапляецца кнігаю, імкнецца праводзіць час з карысцю. Піша скаргі на ўмовы ўтрымання. Якасць ежы палепшылася: з’явіліся бульба, буракі, капуста.

Генадзь Касьян адзначае: Наталлю ўжо тройчы ўгаворвалі напісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Генадзь мяркуе, што гэтае пытанне таксама ўздымала і старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, якая ў пачатку жніўня наведвала жаночую калонію ў Гомлі, дзе адбывае пакаранне Наталля ды іншыя палітычныя вязні.

Наталля чакае наступнай сустрэчы з амбасадарам Швейцарыі Клёдам Альтэрматам, які наведваў палітзняволеную ў ліпені:

«Спадар Альтэрмат мне ўжо як сваяк, а апошні раз мы нават абмяняліся паветранымі пацалункамі. Ну хто такое мог бы ўявіць больш за год таму», — піша Наталля.

Напісаць Наталлі Хершэ можна на адрас: ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель.

Артыкулы
«Калі ў вас няма палітычных амбіцыяў – падпісвайце і выходзьце». Што былыя палітвязні раяць пра памілаванне тым, хто зараз за кратамі
2021.06.11 18:21

АА belsat.eu

Стужка навінаў