У праекце рэзалюцыі, прысвечанай інцыдэнту з прымусоваю пасадкаю самалёта «Ryanair» у Менску, Еўрапарламент заклікае Раду ЕЗ увесці новыя індывідуальныя і сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галасаванне ў справе рэзалюцыі адбудзецца ў чацвер, піша ТАСС.
У праекце рэзалюцыі ідзецца пра залучэнне ў санкцыйны спіс «адказных за перахоп і прымусовую пасадку рэйсу «Ryanair», а таксама за затрыманне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі». Еўрапарламентары кажуць пра неабходнасць тэрмінова прывесці ў выкананне чацвёрты пакет санкцыяў, які ўлучае асобаў, «датычных да электаральных махінацыяў і парушэння правоў чалавека».
Таксама прапануецца ўвесці сектаральныя санкцыі, «што закранаюць гандаль сырою нафтай і нафтапрадуктамі, калійную, сталеліцейную і дрэваапрацоўчую прамысловасць». Аўтары рэзалюцыі заклікаюць спыніць супрацу і фінансаванне беларускіх дзяржаўных банкаў і абмежаваць крэдытныя лініі міжнародных банкаў для даччыных банкаў у Беларусі, а таксама разгледзець пытанне пра часовае выключэнне краіны з сістэмы SWIFT.
Еўрапарламентары заяўляюць пра неабходнасць прыпыніць супрацу еўрапейскіх кампаніяў, у прыватнасці «Siemens», з беларускімі партнёрамі, а таксама перадачу тэхналогіяў.
Акрамя таго, еўрадэпутаты выступілі за прыпыненне сяброўства Беларусі ў міжнародных спартовых арганізацыях і абмежаванне доступу зборнай краіны на міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку Алімпійскія Гульні ў Токіа. Таксама яны выказаліся за пазбаўленне беларускага дзяржаўнага тэлебачання правоў на трансляцыю матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе і бязвыплатную перадачу гэтых правоў «Белсату».
Нагадаем, што ўсе рэзалюцыі Еўрапарламенту маюць рэкамендацыйны характар.
ІІ belsat.eu