За слова «жыве» на асфальце школьніцу забралі ў міліцыю. Матуля ёю ганарыцца


За гэты малюнак затрымалі Яўгеню.
Фота: TUT.BY

Калі 13-ці гадовая Яўгеня не вярнулася дадому з прагулкі ў 21.00 29 сакавіка, яе маці Ірына Варачкова стала хвалявацца і ёй тэлефанаваць. Пасля таго як дзяўчынка зняла трубку, тэлефон падлетка ўзяў следчы і паведаміў, што Яўгена знаходзіцца ў міліцыі, паведамляе TUT.BY.

Ірына паехала ў міліцыю, і там ёй паведамілі, што дачка напісала на асфальце «ЖЫВЕ», чым здзейсніла пікетаванне, якое не было дазволена Менгарвыканкамам.

Спадарыня не здзівілася, што ў дачкі быў балончык з фарбай, бо яна – творчая асоба: «Калі яны ішлі па вуліцы Пуліхава, дачка дастала балончык, намалявала на траве сэрцайкі і напісала на пешаходнай дарожцы «ЖЫВЕ». Побач, як аказалася, стаяў бус з міліцыяй».

Яўгеню з сябрамі прывезлі ў Партызанскі РУУС Менску, аднак пра затрыманне дзяўчыны маці ніхто не паведаміў. Калі тая ў РУУСе стала ўдакладняць у дзяжурнага дадзеныя супрацоўніка, які затрымаў яе дачку, і таго, хто мае зносіны з яе дзіцем, адказу не атрымала і пакінула скаргу.

Калі міліцыя размаўляла са школьніцай, маці да іх не пусцілі і не далі азнаёміцца з пратаколам, з нагоды чаго маці пакінула яшчэ адну скаргу. Потым ёй патлумачылі, што правапарушэнне – намаляванае слова: «Правапарушэнне здзейсніла яна, а яе сябры – сведкі. Я пацікавілася, а ці даўно ў нас лічыцца злачынствам тое, што дзеці малююць на асфальце. На што мне растлумачылі: яна ж напісала слова «ЖЫВЕ».

Я засмяялася, абняла дачку і сказала: «Ты малайчына, я табой ганаруся».

Раней мы з дачкой абмяркоўвалі, калі так здарыцца, што яе раптам затрымаюць, яна адразу ж павінна сказаць: «Мне 13 гадоў» – і папрасіць патэлефанаваць бацькам. Жэня распавядае, што патэлефанаваць мне ёй не давалі», – падкрэсліла спадарыня.

На наступны дзень Ірына даведалася, што ў школу патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі даць характарыстыку на Яўгеню, а 8 красавіка саму Ірыну запрасілі на размову ў Партызанскі РУУС: «Я патлумачыла, чаму мая дачка напісала «ЖЫВЕ» па-беларуску. Жэня з трох гадоў танчыць народныя танцы. Беларуская культура ў яе ў крыві ці ледзь не з нараджэння.

На гэта мне адказалі, што ў моладзі не прынята размаўляць на беларускай. Да таго ж, сказалі, вы ж разумееце, слова «жыве» ў спалучэнні з яшчэ адным словам вельмі шмат чаго азначае.

Я адказала: не разумею. У выніку мне раздрукавалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння».

Паводле пратаколу, спадарыня не выканала абавязкі па выхаванні сваёй непаўналетняй дачкі, якая 29 сакавіка прыблізна 20.30 ля дому № 51 па вуліцы Пуліхава нанесла на асфальце надпіс «ЖЫВЕ» фарбай фіялетавага колеру з балончыка, чым парушыла парадак правядзення масавага мерапрыемства, прыняла актыўны ўдзел ў пікетаванні «з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту па факце правядзення сумленных выбараў». Сваімі дзеяннямі Яўгеня парушыла ч. 1 арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). А праз тое, што школьніца – непаўнагадовая, пратакол склалі на маму – ч. 1 арт. 10.3 КаАП (Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей) з магчымым пакараннем да дзесяці базавых (290 рублёў).

На свае скаргі Ірына атрымала такія адказы: «29 Сакавіка каля 23.30 у фае Партызанскага РУУС пры перадачы вам малалетняй Яўгеніі супрацоўнікам Партызанскага РУУС вам тлумачылася, дзе, у які час, кім і за што затрыманая Яўгена, а таксама названая пасада, прозвішча, імя і імя па бацьку супрацоўніка інспекцыі па справах непаўналетніх, які праводзіў разгляд».

У адказе на другі зварот пазначана: апытанне праводзілася ў адпаведнасці з патрабаваннямі ПВКаАП.

У бліжэйшыя два тыдні іх з Жэняй павінны запрасіць на камісію па справах непаўналетніх. Маці кажа, што Яўгеня адчувае сябе нармальна, перафарбавала валасы ў малінавы колер, а ўліку на СНС сям’я не баіцца.

МГМ, belsat.by

Стужка навінаў