Статкевіч распавёў пра высунутае супраць яго абвінавачванне і 110 тамоў справы

Мікола Статкевіч. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Жонка зняволенага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч атрымала ліст ад мужа.

«Адвакаты пад падпіскай. Інфармацыя пра »справу« была толькі з «інтэрв’ю» следчага ў СБ. Яшчэ да гэтага я ўпарта прасіла Мікалая напісаць мне пра сутнасць «абвінавачвання» і «падзельнікаў». Урэшце, ён жа падпіскі не даваў», – паведаміла Адамовіч у сваім фэйсбуку.

Нарэшце, яна атрымала ліст, у якім палітык паведамляе, што следства па яго справе завершанае:

«Судзіць» разам са мной будуць яшчэ Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка. Кожнага з нас абвінавачваюць па арт. 293 ч.1. (Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады – Белсат). Акрамя таго, ва ўсіх «саўдзельнікаў», за выключэннем аднаго мяне, ёсць яшчэ дадатковыя артыкулы КК.

Сутнасць «злачынства» апісана ў «абвінавачванні» надзвычай шматслоўна і заблытана. Але коратка яго можна апісаць так: нашы крытычныя да ўлады выказванні ў інтэрнэце выклікалі рост пратэстных настрояў і прывялі да збора «неарганізаванай масы людзей», якія здзейснілі «масавыя беспарадкі». Значыць, мы – арганізатары гэтых «беспарадкаў». Логіка!

У мяне склалася ўражанне, што нават самі аўтары гэтага шэдэўра юрыспрудэнцыі яшчэ не асэнсавалі зробленага імі каласальнага прарыву ў развіцці юрыдычнай практыкі. Тут жа такія перспектывы адкрываюцца, што аж дыханне сцінае.

Цяпер жа можна ўсіх, хто апошнія 15 гадоў (тэрмін даўнасці па асабліва цяжкім злачынствам?) крытыкаваў уладу, абвінаваціць у «арганізацыі масавых беспарадкаў». Праўда, на ўсіх такіх «злачынцаў» месцаў у калоніях не хопіць. Таму пачалі з малога. Ну, а нам застаецца толькі ганарыцца, што нас абралі першымі.

Думаю, што гэты юрыдычны «прарыў» зверне ўвагу ўсяго свету. Варта чакаць дэлегацый з Венесуэлы, Ірана, Ганконга і гэтак далей для пераймання перадавога досведу. Нарэшце Беларусь апынулася першай у свеце. Хоць у нечым.

У пятніцу пачаў знаёмства са 110 тамамі (!) гэтай «справы». Кажуць, што гэта зойме месяц», – піша Статкевіч.

Ліст Мікалая Статкевіча. Фота: фэйбук

МГМ, belsat.eu

Hавiны