Гульня з ядравым агнём: як Расея ператвараецца ў дзяржаву-тэрарыста


16 дзён працягваецца вайна ва Украіне. Упершыню ў гісторыі ваенныя дзеянні вядуцца ў краіне з развітай ядравай інфраструктурай, і ўпершыню перад чалавецтвам паўстаюць пытанні, важныя для ўсіх без выключэння: як у такіх умовах гарантаваць бяспеку працоўных АЭС, сховішчаў для адпрацаванага ядравага паліва і радыеактыўных адкідаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запарожская АЭС.
Фота: Dmytro Smolyenko / Zuma Press / Forum

Ва Украіне працуюць чатыры АЭС (15 энергаблокаў), таксама небяспечным аб’ектам застаецца закансерваваная Чарнобыльская АЭС, абслугоўванне якой трэба ўвесь час працягваць. На сённяшні дзень дзве АЭС – закрытая Чарнобыльская і працоўная Запарожская – з баямі захопленыя расейскімі войскамі. На тэрыторыі абедзвюх гэтых станцыяў ёсць сховішчы адпрацаваных ядравых адкідаў, гэтак жа небяспечных, як і рэактары. Яшчэ адна АЭС, Паўднёва-Украінская, застаецца ў зоне актыўных баявых дзеянняў.

Акрамя гэтага, 6 сакавіка расейскія войскі, якія рэгулярна абстрэльваюць Харкаў, нанеслі чарговы ўдар па горадзе: з рэактыўнай устаноўкі залпавага агню «Град» абстралялі Нацыянальны навуковы цэнтр «Харкаўскі фізічна-тэхнічны інстытут», у якім ёсць даследчы ядравы рэактар. У яго загружаныя 37 паліўных ядравых элементаў. Пашкоджанне рэактару і сховішча ядравых матэрыялаў таксама небяспечнае.

Захапіць станцыю – гэта адно. Важна потым гарантаваць іх бяспеку і працу. З гэтым ужо ўзнікаюць сур’ёзныя праблемы.

ЧАЭС: балансуючы на грані катастрофы

Так, 16 дзён без новай змены працуе персанал ЧАЭС. Каманда заступіла працаваць 23 лютага, і новая змена не паспела яе замяніць да ўварвання расейцаў. Цяпер там практычна ў закладніках застаецца каля 210 чалавек – 95 спецыялістаў, ахоўнікі станцыі, медыкі і пажарныя. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, персаналу станцыі даюць адпачываць, але варта памятаць, што звычайна адна змена на станцыі доўжыцца 12 гадзінаў, цяпер жа адны і тыя ж людзі працуюць больш за два тыдні ва ўмовах стрэсу і ціску пад наглядам вайскоўцаў. А на такіх небяспечных аб’ектах кожная памылка – нават проста ад стомленасці – можа каштаваць жыццяў тысяч людзей. Украінскія ўлады ўжо папрасілі Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ) дапамагчы забяспечыць ратацыю персаналу Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Пакуль – безвынікова.

9 сакавіка стала вядома, што ЧАЭС і горад Славуціч былі цалкам абясточаныя ў выніку дзеянняў расейскіх войскаў у зоне адчужэння, і аднавіць электразабеспячэнне пакуль немагчыма. Пры гэтым электрычнасць станцыі крытычна неабходная – ад яе залежыць праца сістэмы ахалоджвання сховішча адпрацаванага ядравага паліва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цалкам разбураны будынак ліцэю ў выніку расейскага ракетнага абстрэлу ў Васількове, Украіна. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Чым гэта ўсё пагражае? Тлумачыць Вольга Кашарная, дырэктарка ў пытаннях інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю асацыяцыі «Украінскі ядравы форум»:

«З прычыны баявых дзеянняў была пашкоджаная лінія 750 кВ Кіеўская-ЧАЭС. ЧАЭС і ўсе ядравыя аб’екты ў зоне адчужэння – САЯП-1, САЯП-2 засталіся без электразабеспячэння. САЯП-1 – сховішча мокрага тыпу для захоўвання адпрацаванага ядравага паліва. САЯП-2 – сухое сховішча. Уключаныя аварыйныя дызель-генератары для электразабеспячэння сістэмаў, важных для бяспекі. Але запас дызельнага паліва толькі на 48 гадзінаў.

Даведка. САЯП – сховішча адпрацаванага ядравага паліва.

Для зняцця рэшткавага цеплавыдзялення ў САЯП-1 неабходнае астуджэнне, што забяспечвалася помпамі. Калі помпы не працуюць, не будзе здымацца цеплавыдзяленне, вада ў басейне можа закіпець, што пацягне ўтварэнне радыеактыўнай пары, з наступным расплаўленнем канструкцыяў, што прывядзе да цяжкай аварыі. Пры адсутнасці працы вентыляцыйных сістэмаш павялічыцца доза апраменьвання персаналу, а выкіды радыеактыўных газаў і пары распаўсюдзяцца на тэрыторыю не толькі Украіны, але і Беларусі і РФ.

На СХВЯП-2 адсутнасць электраэнергіі не адабʼецца, бо бетонныя кантэйнеры ўсталяваныя ў бетонных модулях і астуджэнне адбываецца коштам натуральнай вентыляцыі».

10 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Міністэрства абароны заявіў, што ЧАЭС падключаць да беларускай энергасістэмы. Але падобна, такіх праблемаў, якія будуць патрабаваць аператыўнага развязання, будзе рабіцца ўсё больш. Ні ў адной краіне свету АЭС не падвяргаліся атакам узброеных сілаў іншай дзяржавы. Ніхто не праектаваў іх з разліку на тое, што вайна будзе праходзіць побач.

Захоп АЭС як акт тэрарызму?

4 сакавіка стала вядома аб сілавым захопе з прымяненнем зброі (!) працоўнай Запарожскай АЭС – найбуйнейшай атамнай станцыі ў Еўропе. На ёй працуе 6 вода-вадзяных ядравых рэактараў ВВЭР-1000. Спынімся на іх падрабязней, бо такія ж рэактары ўсталяваныя і на астатніх працоўных станцыях.

Рэактары ВВЭР-1000 адрозніваюцца ад чарнобыльскіх і працуюць не на графіце, гэта рэактары з вадой пад ціскам. Яны старыя, яшчэ савецкія, закрытыя ахоўнымі каўпакамі. Такія каўпакі абараняюць у асноўным ад унутранага ўздзеяння, ад вонкавага толькі ў невялікай ступені: ад снегу, ветру, урагану. Такая ахоўная абалонка тэарытычна можа вытрымаць падзенне невялікага самалёта, але яна ніяк не абароніць рэактар ад абстрэлу буйнакалібернай артылерыяй.

Пры разгерметызацыі ці пашкоджанні рэактар пад ціскам «выплюне» з сябе большую частку небяспечных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Далей, у залежнасці ад кірунку ветру, гэтыя рэчывы выпадуць на зямлю і зробяць немагчымым сельскую гаспадарку на вялізных тэрыторыях, а таксама пражыванне там людзей. То бок сітуацыя будзе параўнальная з чарнобыльскаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запарожская АЭС.
Фота: Dmytro Smolyenko / Zuma Press / Forum

Акрамя гэтага, на станцыях ёсць кантэйнерныя сховішчы з адпрацаваным ядравым палівам, што ўяўляе яшчэ большую небяспеку, калі яны выпадкова ці наўмысна будуць пашкоджаныя. Так, на Запарожскай АЭС кантэйнеры стаяць проста на прамысловай пляцоўцы, і пажар на станцыі ўзнік падчас баявых дзеянняў у непасрэднай блізкасці ад яе.

У сховішчах у канцэнтраваным выглядзе застаюцца небяспечныя радыенукліды – цэзій, стронцый, плутоній. Там няма ціску і тэмпературы, як у рэактары, таму пры траплянні туды снараду хутчэй за ўсё разлёт будзе не на дзясяткі кіламетраў, а на сотні метраў. Тут кепска тое, што гэта вельмі канцэнтраваныя радыеактыўныя адкіды, вельмі злыя рэчывы. Яны могуць апынуцца на пляцоўцы атамнай станцыі, будуць разносіцца ветрам і змывацца дажджамі, забруджваць глебы і рэкі. Назад іх ужо не збярэш. Вялізная колькасць небяспечных радыенуклідаў трапіць у навакольнае асяроддзе і ўтворыць зону 30–100 км, непрыдатную для ўсяго жывога.

Імпатэнтнасць МАгАтЭ і сіла бяссільных

Адказнасць за бяспеку захопленых станцыяў нясе той, хто кантралюе аб’ект. У нашым выпадку Расея. Аднак МАгАтЭ чамусьці да гэтай пары патрабуе тлумачэнняў ад Украіны, якая не можа цяпер накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў, інспектараў. Паводле ўскосных прыкметаў ёсць здагадкі, што на Запарожскай АЭС прысутнічаюць прадстаўнікі Расатаму, якія кантралююць працу станцыі і захопленага ў закладнікі персаналу. Атрымаць афіцыйны каментар у карпарацыі нам не ўдалося – тэлефоны прэс-службаў маўчаць.

Генеральны дырэктар МАгАтЭ Рафаэль Гросі заклікаў неадкладна адмовіцца ад гвалту і ўжывання зброі паблізу атамных станцыяў.

«Такія пустыя заклікі – сведчанне імпатэнцыі МАгАтЭ. З 24 лютага МАгАтЭ павінна была набраць дзясятак сваіх прадстаўнікоў і адправіць іх на ўкраінскія атамныя станцыі для назірання. Магчыма, гэта стала б стрымлівальным фактарам для Расеі. Украіна пра гэта прасіла. МАгАтЭ мусіла нагадаць, што на тэрыторыі краіны пад атакаю Расеі існуюць ядравыя аб’екты, і патрабаваць нейкую зону бяспекі, 20–30 кіламетраў вакол атамных станцыяў. Цяпер ужо позна», – адзначаў у каментары «Белсату» расейскі фізік-ядравік, эколаг Андрэй Ажароўскі.

У 2009 годзе было прынятае рашэнне, што любы ўзброены напад або пагроза нападу на ядравы аб’ект, які выкарыстоўваецца ў мірных мэтах, уяўляе сабою парушэнне прынцыпаў статуту ААН, міжнароднага права і статуту ўласна МАгАтЭ. Пасля 24 лютага МАгАтЭ было абавязанае звярнуцца ў ААН, каб зафіксаваць парушэнні.

«Але МАгАтЭ ўхілілася, ніякай надзеі на гэтую арганізацыю няма. Жахліва тое, што чарговы раз міжнародная супольнасць не можа ні спыніць агрэсара, ні абараніць асабліва небяспечныя аб’екты ядравай інфраструктуры», – кажа эксперт.

Цяперашнія дзеянні расейскіх войскаў падпадаюць пад арт. 2 Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з актамі ядравага тэрарызму і арт. 7 Канвенцыі аб абароне ядравага матэрыялу (РФ ёсць бокам гэтых канвенцый) і могуць разглядацца як злачынствы, якія павінны пацягнуць жорсткія санкцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працягваецца эвакуацыя мірнага насельніцтва ў мястэчку Ірпінь, Украіна. 9 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

«Неабходна заводзіць крымінальныя справы ў міжнародных судах і прыцягваць РФ да адказнасці. Неабходна таксама накласці санкцыі на Расатам і выключыць РФ з усіх ядравых абʼяднанняў свету», – перакананая Вольга Кашарная.

Яна заклікае атамшчыкаў свету аб’ядноўвацца і ціснуць на свае ўрады, каб перадухіліць катастрофу ва Украіне.

Тым часам звычайныя людзі могуць самі адсочваць узровень радыяцыйнага фону праз гэтую мапу.

Тут можна глядзець на кірунак ветру: https://www.windy.com/.

Стужка навінаў