Беларуска трапіла ў рэйтынг самых перспектыўных асобаў Еўропы да 30 гадоў паводле версіі «Forbes»


Амерыканскі фінансава-эканамічны часопіс «Forbes» залучыў беларуску Марыю Жывіцкую ў рэйтынг самых перспектыўных людзей Еўропы да 30 гадоў. 29-гадовая Марыя трапіла ў катэгорыю «Фінансы» ў рэйтынгу «Forbes The 30 Under 30 Europe».

Марыя Жывіцкая.
Фота: forbes.com

Марыя з кастрычніка 2020 года працуе ў адным з найбуйнейшых сусветных фондаў для кіравання капіталам – «Vanguard», у распараджэнні якога – актывы на $ 7 трлн.

Жывіцкая вучылася ў Пенсільваніі, затым ва Утрэхцкім універсітэце ў Нідэрландах. Пасля сталася магістрам у Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук. Пачынала кар’еру ў адным з найбуйнейшых у свеце інвестыцыйных банкаў «Goldman Sachs», працавала ў страхавой і інвестыцыйнай кампаніі «Prudential».

Акрамя асноўнай працы, дзяўчына выкладае ў Інстытуце палітычных даследаванняў у Парыжы і ў Бізнес-школе ў Оксфардзе.

У «LinkedIn» Марыя піша, што валодае расейскай, англійскай і нямецкай мовамі.

У 2018 годзе ў гэты рэйтынг трапляла беларуская праваабаронца ПЦ «Вясна» Анісія Казлюк з Менску ў намінацыі «Права і палітыка». Тады яна стала першаю беларускай у гэтым рэйтынгу і самаю маладою сярод іншых намінантаў гэтай катэгорыі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў