Год, які змяніў нашае жыццё. Згадваем, што адбывалася ў Беларусі на пратэстах і не толькі


Вось і мінуў год, як пачаліся пратэсты супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Што толькі ні адбылося за гэты час. Але беларусы не забываюцца на падзеі. Мы сабралі галоўныя навіны ўсіх дзён пратэсту.

9 жніўня. Дзень галасавання. Людзі збіраюцца на вуліцах, каб выкааць нязгоду з фальсіфікацыяй выбараў. Па краіне за дзень затрыманыя больш за 3000 чалавек, шмат параненых.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

11 жніўня. Улады вывозяць Святлану Ціханоўскую ў Літву. У Берасці смяротна раняць Генадзя Шутава.

 

 

 

 

 

 

 

 

12 жніўня. З Акрэсціна выпускаюць першых затрыманых. Яны распавядаюць пра катаванні. У Гомлі гіне Аляксандр Віхор.

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя родзічы і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

13–14 жніўня. Па ўсёй краіне людзі становяцца ў ланцугі салідарнасці, выказваюцца супраць гвалту. На некалькіх заводах пачынаецца страйк.

На 8-ы дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі працягнуліся пратэсты. Масавыя акцыі прайшлі не толькі ў сталіцы, але і ў абсалютнай большасці беларускіх гарадоў. У Менску прайшоў самы масавы за ўсю найноўшую гісторыю мітынг — Агульнаграмадзянскі марш за Свабоду. У ім узялі ўдзел, паводле розных падлікаў, ад 200 да 350 тысяч чалавек. Дэманстранты патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

22 жніўня. Зніклага Мікіту Крыўцова знаходзяць павешаным у Менску.

7–8 верасня. Марыю Калеснікаву спрабуюць вывезці з Беларусі. На мяжы Марыя рве пашпарт, пасля чаго яе затрымліваюць.

19 верасня. У Менску праходзіць найбуйнейшы жаночы марш.

23 верасня. Лукашэнка ладзіць таемную інаўгурацыю. Увечары людзі выходзяць на пратэсты.

Ля станцыі метро «Няміга» ў Менску. 23 верасня 2020 г.
Фота: Белсат

5 кастрычніка. Праходзіць першы марш пенсіянераў.

11 лістапада. На плошчы Пераменаў у Менску адбываецца бойка з удзелам Рамана Бандарэнкі. На наступны дзень ён памірае.

Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі. Менск, Беларусь. 11 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

15 лістапада. У нядзелю праходзіць Марш памяці Рамана Бандарэнкі, людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў. Падчас стрыму затрымліваюць дзвюх журналістак «Белсату» – Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

19 лістапада. Затрымліваюць журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і доктара шпіталю хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна.

18 лютага. Журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд: два гады калоніі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

2 сакавіка. Журналістцы Кацярыне Барысевіч прысудзілі 6 месяцаў пазбаўлення волі. Доктару Арцёму Сарокіну – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем.

20 траўня. Палітычны вязень Вітольд Ашурак памірае ў шклоўскай калоніі. Сілавікі ўварваліся ў менскую студыю, дзе здымалі праграмы «Белсату».

23 траўня. У Менску прымусова прызямліўся самалёт «Ryanair». Журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу, якія былі на борце, затрымалі.

Пікет салідарнасці з затрыманым журналістам Раманам Пратасевічам ля будынку Еўракамісіі. Варшава, Польшча. 24 траўня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

26 траўня. 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, абвінаваціўшы ў гэтым Следчы камітэт.

1 чэрвеня. Палітычны вязень Сцяпан Латыпаў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам проста падчас суда.

4 чэрвеня. ЕЗ афіцыйна забараніў беларускім авіякампаніям палёты ў сваёй паветранай прасторы.

12 чэрвеня. Мяжу з Беларуссю часова заблакавалі ўдзельнікі мітынгаў адразу ў трох краінах – Польшчы, Літве і Украіне. Яны патрабавалі ад Еўразвязу паскорыць увядзенне санкцыяў.

Блакаванне дарогі на літоўскай мяжы.
Фота: чытачы Белсату

24 чэрвеня. Еўразвяз увёў чацвёрты пакет санкцыяў супраць Беларусі. ​​Шырокія сектаральныя санкцыі ўведзеныя супраць цэлых галінаў беларускай гаспадаркі, а не толькі асобных прадпрыемстваў і чыноўнікаў.

30 чэрвеня. Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу. Такое рашэнне прыняла выканаўчая рада арганізацыі.

6 ліпеня. Вярхоўны Суд прыгаварыў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яго аштрафавалі на 145 тысячаў рублёў. Бабарыка не можа абскардзіць выраку.

8–16 ліпеня. Па ўсёй Беларусі чыняцца ператрусы ў журналістаў і ў рэдакцыях незалежных СМІ, праваабаронцаў і актывістаў.

16 ліпеня. Вынеслі прысуд у «справе студэнтаў». Суддзя Марына Фёдарава прызначыла выкладчыцы і 11 абвінавачваным студэнтам ад 2 да 2,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Артыкулы
Вынеслі прысуд у «справе студэнтаў»: ад 2 да 2,5 года калоніі
2021.07.16 12:45

27 ліпеня. Сайт і сацсеткі «Белсату» прызналі экстрэмісцкімі. Такое рашэнне 27 ліпеня прыняў суд Чыгуначнага раёну Гомля. Падставай сталі матэрыялы праверкі ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці.

28 ліпеня. Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з Джо Байдэнам у Белым доме. 28 ліпеня 2021 года.
Фота: POTUS / Twitter

1 жніўня. З Токіа спрабуюць вывезці бягунню Крысціну Ціманоўскую, якая крытыкавала кіраўніцтва беларускай зборнай. Яна абурылася, што яе паставілі на эстафету, да якой яна не рыхтавалася. У аэрапорце Ціманоўская звярнулася ў паліцыю і запрасіла гуманітарную візу ў Польшчы.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская пазіруе для партрэту. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

2 жніўня. Памежныя службы Літвы вырашылі разварочваць мігрантаў назад у Беларусь. З пачатку 2021 года на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі больш за 4000 мігрантаў.

Стужка навінаў