Дыпламаты спыталі ў Макея пра выкананне Канстытуцыі ў Беларусі


Уладзімір Макей.
Фота: ria.ru

Прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі і дыпламатычных місіяў дзяржаваў – чальцоў ЕЗ у Беларусі, а таксама амбасадаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Швейцарыі і Японіі выступілі з супольнай заявай аб сустрэчы 8 чэрвеня з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем.

У заяве адзначаецца, што на сустрэчы з Макеем кіраўнікі дыпламатычных місіяў Еўразвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі ды Японіі нагадалі пра пазіцыю сваіх урадаў адносна сітуацыі ў Беларусі і пра сродкі дасягнення мірнага і ўстойлівага развязання палітычнага крызісу і крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Дыпламаты заявілі, што крызіс нарастае: узмацніўся пераслед апазіцыі, медыяў, грамадзянскай супольнасці і грамадства агулам, у тым ліку польскай дыяспары ў Беларусі.

Удзельнікі сустрэчы спыталі пра планы ўладаў адносна выканання канстытуцыі краіны і міжнародных абавязкаў, якія датычаць фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права. Дыпламаты заклікалі ўлады адгукнуцца на патрабаванні беларускага народу.

Hавiны
Літва застанецца без амбасадара ў Беларусі, бо не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам
2021.06.08 12:46

У прыватнасці, яны прапаноўваюць неадкладна спыніць пераслед удзельнікаў дэмакратычнага руху, незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці, прадэманстраваць павагу свабоды перакананняў, выказвання і сходаў. Дыпламаты заклікалі «неадкладна спыніць незаконныя затрыманні, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з мірнымі пратэстоўцамі і палітычнымі зняволенымі, неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў і несправядліва затрыманых».

Дыпламаты таксама заклікалі без прамаруджання расследаваць парушэнні правоў чалавека і прыцягнуць да суда тых, хто санкцыянаваў і здзяйсняў гвалт, катаванні, бесчалавечнае абыходжанне і незаконныя дзеянні, што прывялі да цялесных пашкоджанняў, траўмаў, гібелі людзей, а таксама да фармавання агульнай атмасферы беззаконня ў краіне. Яны прапаноўваюць «пачаць годны даверу і інклюзіўны палітычны працэс, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ».

Hавiны
Сем краінаў, дзе Беларусь не можа прызначыць амбасадара
2021.06.08 08:00

Прадстаўнікі заходніх краін адзначылі, што іх урады гатовыя падтрымліваць і спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі, каб дапамагчы абараніць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, запэўніць яе бяспечную, дэмакратычную і квітучую будучыню. Яны падкрэслілі, што «нарожныя камяні суверэнітэту – «згода (а не падпарадкаванне) грамадзянаў, сацыяльная салідарнасць і бяспека, дынамічныя інстытуты і свабодная прэса».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў