Генеральны пракурор пры Найвышэйшым судзе Нямеччыны Пэтэр Франк адкрыў так званае «структурнае расследаванне». Паводле інфармацыі агенцыі dpa ў федэральнай пракуратуры маюцца канкрэтныя звесткі, якія ўказваюць на ўжо здзейсненыя ва Украіне ваенныя злачынствы.
Пракуратура Германіі таксама выказвае асцярогі, што колькасць ваенных злачынстваў Расеі будзе расці. Паводле штотыднёвіка Der Spiegel, маюцца паведамленні аб ужыванні касетных бомбаў, ударах па жылых кварталах і цывільнай інфраструктуры, газаправодзе, сховішчы ядравых адкідаў і ЦЭЦ. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі апынуцца сведчанні аб так званых «спісах мішэняў», якія, меркавана, складаюцца расейскімі і чачэнскімі падраздзяленнямі. Пад «мішэнямі» маюцца на ўвазе людзі, якіх трэба забіць. Паводле некаторых звестак, у гэтыя спісы ўнесеныя высокапастаўленыя ўкраінскія палітыкі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што яму стала вядома: ён у гэтых спісах – «мішэннь № 1».
Згодна з Міжнародным крымінальным кодэксам, федэральны пракурор Нямеччыны можа расследаваць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці па ўсім свеце.
ГГ, belsat.eu