Літва пабудуе на мяжы з Беларуссю бар’ер і прыцягне для аховы войска

Затрыманыя ў Літве мігранты. Фота: pasienis.lt

Літоўскі ўрад звярнуўся ў парламент краіны з просьбаю правесці пазачарговую парламенцкую сесію ў сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю. Пра гэта 7 ліпеня паведаміла прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце.

Саму сітуацыю на літоўска-беларускай мяжы кіраўніца ўраду Літвы ацаніла як гібрыдную агрэсію, паведамляе DELFI. Паводле яе, агрэсія скіраваная не столькі супраць Літвы, колькі супраць Еўрапейскага Звязу.

«Мы лічым, што ў арганізацыі патоку нелегальных мігрантаў удзельнічаюць і актыўна і пасіўна ведамствы беларускага рэжыму. І свядома ствараюць усе ўмовы для перасячэння мяжы. І за ўсім гэтым мы бачым мэту нанесці шкоду нашай краіне, можа, дэстабілізаваць сітуацыю, асабліва складаная гэтая сітуацыя праз вайсковыя вучэнні «Захад», якія будуць праводзіць ўлетку і ўвосень», – сказала Шыманіце.

Палітык адзначыла, што дзеля развязання праблемы плануецца прыцягнуць войскі. Таксама будзе стварацца дадатковы фізічны барʼер на мяжы, які падзеліць Літву і Беларусь.

Літва і Польшча заявілі пра затрыманне на мяжы з Беларуссю чарговых групаў нелегальных мігрантаў

З раніцы 6 ліпеня да раніцы 7-га літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 53 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць у Літву з Беларусі. Агулам сёлета ў Літве затрымалі 1416 нелегалаў з Беларусі, для параўнання: за ўвесь 2020 год толькі 81.

Сярод затрыманых 615 – грамадзяне Іраку, 196 – Конга, 110 – Камеруну, 80 – Гвінеі, 57 – Ірану ды з іншых краінаў.

Лукашэнка пра нелегальную міграцыю: «Мы ніколі не будзем нікога трымаць, яны ж не да нас ідуць»

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны