Злучаныя Штаты Амерыкі размесцяць дадатковыя падраздзяленні ў Літве. Пра гэта заявіў амерыканскі генерал Марк Мілі, паведамляе BNS.
У Літву перакінуць частку з 3,5 тысячы вайскоўцаў ЗША, якія ўжо на ўсходнім флангу NATO.
Таксама пастаноўлена размясціць у Літве радары супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, сістэмы СПА малой дальнасці, а таксама самаходныя артылерыйскія гарматы.
Сілы будуць разгорнутыя ў парадку таго, як Расея працягне сваё ўварванне ва Украіну. Цяпер развязваецца пытанне пра дакладную колькасць войскаў, што будуць размешчаныя, і краіны, у якіх яны з’явяцца.
Паводле камандуючага Узброенымі сіламі Літвы генерал-лейтэнанта Вальдэмараса Рупшыса, амерыканскае кіраўніцтва «запэўнівае нас, што мы не самотныя, што мы можам стрымаць і, у найгоршым выпадку, абараніць нашую краіну».
Амерыканскія падраздзяленні могуць з’явіцца ў Марыямпалі, Казлу-Рудзе і Падброддзі, дзе ўжо з 2014 года ў межах ратацыі застаецца танкавы батальён ЗША.
Між тым, паводле інфармацыі Генеральнага штабу Узброеных сілаў Украіны, Расея ўсцяж наносіць ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі Беларусі.
ПС belsat.eu