Украіна адлучыць сваю энергасістэму ад Беларусі і Расеі


Украіна мае намер цалкам адасобіць сваю энергасістэму ад Расеі і Беларусі ўжо ў 2023 годзе. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі краіны Юрый Вітрэнка на перамовах са сваім літоўскім калегам Дайнюсам Крэйвісам.

«Працэс сінхранізацыі выходзіць на фінішную прамую. У наступным годзе Украіна адасобіцца ад энергасістэмаў Беларусі і Расеі, перайшоўшы ў ізаляваны рэжым. У 2023-м адбудзецца поўная сінхранізацыя з ENTSO-E», – сказаў Юрый Вітрэнка.

Таксама міністры абмеркавалі АЭС у Астраўцы.

«Гэта геапалітычны праект: гэта агульная пагроза для Літвы і Украіны, таму мы павінны праявіць салідарнасць, спыніўшы ейнае далейшае развіццё», – сказаў Дайнюс Крэйвіс.

Крэйвіс нагадаў, што Беларуская АЭС ужо сутыкалася з аварыямі і перабоямі ў працы. На ягоную думку, важна не гандляваць небяспечнай электраэнергіяй з Беларуссю.

Вітрэнка і Крэйвіс дамовіліся стварыць супольную працоўную групу, якая ў тым ліку будзе абменьвацца інфармацыяй пра стан бяспекі на Беларускай АЭС.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў