У Мінабароны Беларусі паведамілі, хто з беларускіх вайскоўцаў будзе душыць рэвалюцыю ў Казахстане


Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў пра рашэнне накіраваць у Казахстан «падрыхтаваную міратворчую роту са складу 103-й паветрана-дэсантнай Віцебскай брыгады сіл спецыяльных аперацый».

«У адпаведнасці з рашэннем Рады калектыўнай бяспекі АДКБ для выканання міжнародных і саюзніцкіх абавязанняў, Рэспубліка Беларусь накіроўвае для ўдзелу ва ўрэгуляванні крызіснай сітуацыі на тэрыторыі Рэспублікі Казахстан, здольнай прывесці да парушэння канстытуцыйнага ладу, страты суверэнітэту і незалежнасці, беларускі вайсковы кантынгент», – заявіў Хрэнін.

Відэа Міністэрства абароны Беларусі:

Паводле яго, падраздзяленне прайшло ўвесь комплекс навучання і падрыхтавана для выканання такіх задач. Яно ўкамплектаванае толькі вайскоўцамі па кантракце.

«Сёння ноччу гэта падраздзяленне здзейсніла марш у раён аэрадрому Мачулішчы, дзе ажыццёўлена пагрузка на самалёты Расейскай Федэрацыі. Цяпер ідзе вылучэнне да месца выканання задач», – падкрэсліў міністр.

Паводле звестак «Белсату», вайсковы ІЛ-76 вылецеў з Мачулішчаў каля 15:10. На сайце FlightRadar ягоны рэйс не паказваўся.

Між тым Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра прыбыццё ў Казахстан першых падраздзяленняў у межах місіі АДКБ

Нагадаем, што Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне выступілі з супольнай заявай аб недапушчальнасці накіравання беларускіх вайскоўцаў у аперацыі за мяжой.

На іх думку, «адпраўка войскаў, а таксама аказанне любой іншай ваеннай дапамогі дзейнаму ўраду Казахстана стварае небяспечны прэцэдэнт замежнага ўзброенага ўмяшання ва ўнутраныя палітычныя канфлікты».

Hавiны
Беларускія дэмакратычныя сілы выступілі супраць накіравання беларускіх вайскоўцаў у Казахстан
2022.01.06 16:53

МГ belsat.eu

Стужка навінаў