Сярод катаванняў на Акрэсціна цяпер – песні Цімы Беларускіх на ўсю гучнасць


Чалавек, які сустрэўся ў няволі з выпускніцай Юрыдычнага факультэту БДУ Кацярынай Віннікавай, распавёў, у якіх умовах трымаюць зняволеную за прамову.

ЦІП на Акрэсціна
Ілюстрацыйнае фота. Плот ізалятару на вуліцы Акрэсціна. 4 верасня 2020 года.
Фота: Belsat.eu

Як піша Telegram-канал студэнтаў юрфаку «Law Verum», Кацярына Віннікава не чакала, што яе прамова на выпускным так шырока разляціцца і што яе за гэтую прамову пачнуць пераследваць. Перад судом яна разлічвала на штраф, але пратакол за «непадпарадкаванне», у якім было шмат памылак, замянілі на новы – і прысудзілі паводле яго 15 дзён арышту.

Абноўлена
Выпускніцу БДУ, якая публічна падзякавала палітвязню Максіму Знаку, затрымалі сілавікі
2021.07.01 22:19

У РУУС яе тры гадзіны трымалі ў клетцы 1 х 3 м з дзвюма бяздомніцамі. У ізалятары на Акрэсціна ёй не далі матрац, а ў «непалітычных» суседак па камеры матрацы забралі.

«Жанчыны казалі, што не разумеюць навошта гэта трэба, што яны нас ненавідзець за гэта не будуць, – расказвае жанчына, якая была на Акрэсціна з Кацярынай. – У камерах па начах холадна, святло гарыць пастаянна. У якасці катаванняў уключалі на поўную гучнасць Ціму Беларускіх, увесь рэпертуар, некалькі разоў запар. Перадачы, кажуць, перадаюць толькі пры выхадзе з сутак, у камеру падсяляюць бамжоў».

Ціма Беларускіх – малады поп-спявак, выканаўца хітоў «Мокрые кроссы» і «Витаминка». Асуджаны ў красавіку на два гады «хатняй хіміі» за набыццё наркатычнага сродку (0,0375 грама амфетаміну). Вырак спеваку – нетыпова мяккі для Беларусі, дзе за такую ж колькасць наркотыкаў прысуджалі і па 15 гадоў пазбаўлення волі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў