НАУ: Беларусь і Расея зноў працуюць над адзінаю валютай. Нацбанк: гэта фэйк


Беларусь і Расея аднавілі абмеркаванне дарожнай мапы пра адзіную валюту. Пра гэта паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне са спасылкаю на «надзейныя» крыніцы ў Нацыянальным банку.

НАУ адзначае, што працуюць над гэтым у паскораным тэмпе. Пакуль незразумела, створаць эмісійныя цэнтры ў абедзвюх краінах ці фінансавая сістэма Беларусі будзе цалкам залежаць ад Расеі.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне нагадвае, што рашэнні такога кшталту можна прымаць толькі шляхам рэферэндуму, а любыя дамовы з Аляксандрам Лукашэнкам з 5 лістапада 2020 года не маюць ніякай юрыдычнай сілы.

«Интерфакс-Запад» звярнуўся па каментар у Нацыянальны банк Беларусі.

«Чарговы фэйк, які не мае нічога супольнага з сапраўднасцю», – заявілі ў Нацбанку.

Некалькі дзён таму намеснік кіраўніка Савету бяспекі Расеі і экс-прэм’ер краіны Дзмітрый Мядзведзеў заявіў пра неабходнасць паглыбіць інтэграцыю.

«Што датычыць інтэграцыйных працэсаў, то я застаюся на ранейшай пазіцыі ды зыходжу з таго, што ў нас агульная пазіцыя: інтэграцыя – узаемакарысная. Нам трэба інтэгравацца цясней і рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы, у тым ліку тыя элементы збліжэння, злучэння патэнцыялу нашых эканомік, якія туды закладзеныя. А гэта самыя розныя пытанні, аж да адзінай валюты», – мяркуе палітык.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў