Прэзідэнт Украіны выступаў у Стэнфардскім універсітэце і адказаў на пытанне беларускі.
Уладзімір Зяленскі 3 верасня выступіў перад выкладчыкамі і студэнтамі Стэнфардскага ўніверсітэту ў амерыканскай Каліфорніі. Адно з пытанняў было ад беларускамоўнай жанчыны.
Яна сказала, што глядзіць на Украіну і ганарыцца, намагаецца верыць, «што ў нас таксама ўсё атрымаецца», і спытала, што прэзідэнт Украіны параіць цяпер беларусам у час, калі «вера губляецца».
Зяленскі адказаў па-ўкраінску. Ён падзякаваў за пытанне і адзначыў, што выдатна зразумеў беларускую мову. Бо, сказаў ён, беларусы і ўкраінцы маюць супольную гісторыю і агулам разумеюць адно аднаго. У тым ліку разумеюць, што адбываецца ў Беларусі цяпер.
«Гэты шлях… – на секунду задумаўся Зяленскі. – Я не жадаю вам праходзіць таго шляху, які прайшла Украіна, людзі Украіны, сем’і, якія страцілі сваё жыццё ў барацьбе за свабоду свайго народу, за свабоду сваёй цудоўнай дзяржавы».
Пасля словаў пра цудоўную дзяржаву ён адзначыў, што шмат разоў бываў у Беларусі. І працягнуў:
«Я жадаю вам выніку – таго самага, які атрымала Украіна. Яна вольная, дэмакратычная, яна вельмі свабодная. Вы ж бачыце, наколькі яна свабодная, нават праз нас, я выступаю тут, на адкрытай прасторы.
Я вам гэтага жадаю: выжыць у гэтым. І гэта будзе ваш народ, вашая вера, вашая мова, жыццё, мастацтва, мацнейшыя за які заўгодна ўрад. А ўрадаў вечных не бывае. Хай жыве Беларусь!»
31 жніўня да беларусаў звяртаўся таксама прэзідэнт Польшчы. Ён расказаў пра гадавіну стварэння легендарнага прафесійнага звязу «Салідарнасць» і па-беларуску прасіў беларускіх уцекачоў адчуваць сябе ў Польшчы як удома.
АА belsat.eu