«Галава чорная, ціск 260»: у Магілёве актывіста пасля збіцця міліцыянтам выкралі са шпіталю адбываць содні


Актывіст «Страны для жизни» Аляксей Барысаў трапіў у шпіталь напярэдадні 25 сакавіка. 23 сакавіка міліцыянты затрымалі мужчыну, калі той ішоў на працу. У той жа дзень ён трапіў у шпіталь з высокім ціскам і пабітаю галавой. Мужчына сцвярджаў, што яго збілі міліцыянты ў службовым аўтамабілі. 29 сакавіка магілёвец меўся выйсці з больніцы, але яго забралі ў ізалятар адбываць содні. Судзілі Аляксея без ягонага ведама, а за што, не ведае нават ягоная жонка Ірына.

22 сакавіка валанцёру «Страны для жизни» Аляксею Барысаву пазванілі з пракуратуры і сказалі, што 24 сакавіка а 12:00 ён мусіць з’явіцца на прафілактычную размову напярэдадні Дня Волі. А ўжо 23 сакавіка мужчыну затрымалі ля дому, калі ён ішоў на працу. Ірына, жонка Аляксея, расказвае, што ў пракуратуры яму меліся ўручыць позву, але паводле якой справы, невядома. Пра затрыманне і збіццё мужчына паспеў распавесці жонцы, калі яго прывезлі ў шпіталь:

«У дзень ягонага затрымання мне пазванілі з невядомага нумара і сказалі, што затрымалі мужа на тры дні да высвятлення абставінаў. Не сказалі якіх. А на наступны дзень пазванілі са шпіталю і сказалі, што ён у іх».

Аляксей Барысаў.
Фота: Белсат

Ужо ў больніцы Ірына даведалася ад мужа падрабязнасці. Пасля затрымання яго збілі два міліцыянты ў службовым аўтамабілі. У РАУС у мужчыны моцна падскочыў ціск, стала блага:

«Ён расказаў, што калі садзілі ў аўта, то крычалі на яго, білі ў скронь. У РАУСе выклікалі хуткую. Яго вазілі ў некалькі шпіталяў, толькі ў абласной больніцы сказалі шпіталізаваць, а ўва ўсіх іншых закрылі вочы, што збіты. У яго быў вельмі высокі ціск – 260 на 130. З такім не жывуць».

Ірына кажа, што галава Аляксея была ўся чорная ад пабояў, быў сіняк пад вокам. Яна прывезла новы тэлефон і сім-картку, бо стары забралі міліцыянты. Тым не менш, перабываючы ў ізалятары, ён штодня з’яўляецца онлайн.

«Хіба міліцыянты ім карыстаюцца. Дарэчы яшчэ 25 сакавіка прыходзіў міліцыянт да доктара і сказаў яго не выпускаць».

Праваабаронцам Аляксей паспеў распавесці, што збілі яго працаўнікі ГУБАЗіКу. На фота з палаты відаць сляды пабояў на галаве.
Фота: Аляксей Барысаў

У шпіталі Аляксей прабыў нядзелю. У панядзелак 29 сакавіка мужчыну меліся выпісаць. Ірына збіралася забраць мужа, але не паспела: магілёўца забралі ў ізалятар. Суд прайшоў без ягонага ўдзелу, мужчыну прысудзілі 7 содняў адміністратыўнага арышту завочна, пакуль той ляжаў у шпіталі.

«Спачатку ён пазваніў са свайго нумара і сказаў, што ў яго абход, будзе збірацца, пазвоніць. А 16:00 пазваніў ужо з незнаёмага нумара і паспеў толькі сказаць, што забіраюць на 7 содняў, паклаў слухаўку».

Калі аглядалі ягоны тэлефон, знайшлі, што ён падпісаны на канал, які ў Беларусі прызналі экстрэмісцкім, кажа Ірына:

«Ён нічога не адміністраваў, нікуды не пісаў. Усе запісы, якія ён недзе рабіў, выдаліў. Але гэта было пяць месяцаў таму, калі ў яго забралі ўсю тэхніку. А цяпер, калі забіралі ягоны тэлефон, сказалі, маўляў, калі ты выйдзеш, цябе чакае штраф аж да крымінальнай адказнасці».

Hавiны
«Чарговы штраф я разглядаю як палітычны пераслед». Магілёўца аштрафавалі за нацыянальны сцяг на гаўбцы
2021.01.27 14:52

Ірыне нават не дазволілі перадаць Аляксею рэчы. Жанчына спадзяецца, што муж выйдзе на свабоду ў панядзелак 5 красавіка.

  • У студзені магілёўцу прысудзілі буйны штраф – 35 базавых велічыняў (1015 рублёў) – за нацыянальны сцяг на гаўбцы. Валанцёр «Страны для жизни» ў Магілёве Аляксей Барысаў неаднаразова зазнаваў рэпрэсіі ды страціў працу праз сваю грамадзянскую актыўнасць. З 2007 года ён працаваў глебазнаўцам у праектавым інстытуце «Магілёўгіпразем», а 31 снежня 2020 года быў вымушаны напісаць заяву на звальненне паводле ўласнага жадання. Звальненню Аляксея папярэднічалі адміністратыўныя пратаколы, паходы ў РАУС і суд за ўдзел у мірным мітынгу пратэсту.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў