25-гадоваму Івану Зубко далі 3 гады папраўчай установы адкрытага тыпу


Адбываць пакаранне Іван Зубко мусіць паводле месца прапіскі ў Століне.

Іван Зубко ля будынку суду Завадскога раёну Менску.
Фота: АВ / Белсат

У судзе Заводскага раёну Менску 3 лютага быў вынесены прысуд у крымінальнай справе 25-гадовага Івана Зубко.

Суддзя Дзмітрый Астапенка прысудзіў яму 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такое пакаранне і запытвала пракурор Вікторыя Кунцэвіч. Адбываць пакаранне Іван Зубко мусіць паводле месца прапіскі ў Століне.

Фота: АВ / Белсат

Івана Зубко прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На судовым пасяджэнні пракурор абвінаваціла Івана ў тым, што ён 1 лістапада 2020 года ўзяў актыўны ўдзел у маршы. Ён быў у першых шэрагах на праезнай частцы праспекту Незалежнасці, ускідваў рукі над галавой, станавіўся ў счэпку локцямі, публічна выкрыкваў лозунгі, а на патрабаванні спыніць гэтыя дзеянні не рэагаваў.

Сваёй віны на судзе Іван не прызнаў. Ён не адмаўляе, што браў удзел у акцыі, аднак не бачыць у сваіх дзеяннях складу крымінальнага злачынства.

Hавiны
Распачаўся суд над удзельнікам пратэстаў Іванам Зубко. Раней ягоную нявесту пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі»
2021.02.02 12:26

Аналагічнае абвінавачанне было выстаўленае і сяброўцы Івана Рэнаце Смірновай, якой 29 студзеня прысудзілі 2 гады хатняй хіміі. Пару затрымалі на Маршы супраць тэрору падчас нядзельнага шэсця да Курапатаў. Спачатку жорстка затрымалі Івана: ведучы яго ў аўтазак, спрабавалі душыць. Рэната прасіла сілавікоў не ўжываць фізічнай сілы, а потым дзяўчына сама папрасілася ў аўтазак да Івана, перажываючы за ягонае здароўе. На Іванавым судзе Рэната выступіла ў якасці сведкі.

Hавiны
Палітзняволеную Рэнату Смірнову пакаралі двума гадамі «хіміі»
2021.01.29 14:51

Акрамя Рэнаты паказанні далі чатыры сведкі, супрацоўнікі АМАПу. Двое з іх з’явіліся ў суд у масках і шапках, каб іх не магчыма было ідэнтыфікаваць. Двое іншых далі паказанні пісьмова, бо не змаглі прыйсці ў суд. Імёны таксама былі змененыя «ў мэтах бяспекі». Усе яны давалі паказанні пра падзеі таго дня, але ніхто з іх не памятае і асабіста не затрымліваў Івана.

Іван Зубко выходзіць з будынку суду Завадскога раёну Менску.
Фота: АВ / Белсат

Акрамя асноўнага абвінавачання ў справе пракурор зачытала і пазоў ад «Менсктрансу» аб нанясенні шкоды на 10 689,76 беларускіх рублёў. Івана вінавацяць у тым, што падчас выхаду на праезную частку ён перашкаджаў праезду грамадскага транспарту, які не змог трымацца графіку рэгулярных маршрутаў. Такая ж сума была выстаўленая і Рэнаце Смірновай. Аднак не зразумела, як маладыя людзі маглі перашкаджаць праезду грамадскага транспарту, калі дарогу першапачаткова перакрыла міліцыя.

Хлопец распавёў, што ў той дзень, карыстаючыся ўласным канстытуцыйным правам, выйшаў на мірны пратэст супраць няспыннага гвалту ў краіне і адсутнасці заведзеных крымінальных справаў на гэта, супраць вынікаў выбараў і хлусні аб статыстычных звестках аб захворванні ды смяротнасці ад COVID-19.

На судзе Іван сказаў апошняе слова: «Я хачу падзякаваць дзяржаве за прадстаўленую мне магчымасць пасядзець 93 дні, бо менавіта там я ўсвядоміў сапраўдную каштоўнасць сям’і. І нямэтазгоднасць выхаду на пратэст са сцягамі, з плакатамі, з кветкамі ў руках, і казаць што-небудзь тым, у каго ў руках дубінкі, святлошумавыя гранаты і поўная недатыкальнасць. Бо за гэта іх узнагароджваюць медалямі і ордэнамі, павышаюць у званнях і пасадах. Я шчыра веру, што любая хлусня спараджае яшчэ большую хлусню, як і любы гвалт спараджае яшчэ большы гвалт. Таму я прашу не быць сёння галаслоўным, а быць толькі справядлівым».

Абутак, які вярнулі Івану Зубко пасля суду.
Фота: АВ / Белсат

АД, belsat.eu

Стужка навінаў