Забарона на стрымы і не толькі. Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб масавых мерапрыемствах


Дэпутаты 2 красавіка тэрмінова прынялі ў першым чытанні законапраект аб масавых мерапрыемствах у Беларусі.

Праект закону скасоўвае апавяшчальны парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у пастаянных месцах, паведамляе БелТА. Усе масавыя акцыі могуць праводзіцца выключна на падставе дазволу мясцовых органаў улады.

Жаночы гранд-марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

«Для арганізатараў масавых мерапрыемстваў, іншых асобаў уводзіцца прамая забарона публічных заклікаў да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, у тым ліку шляхам аб’явы ў сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэце або іншых інфармацыйных сетках пра дату, месца і час яго правядзення, а таксама забарона на выраб і распаўсюд дзеля гэтых мэтаў улётак, плакатаў, іншых матэрыялаў да атрымання дазволу на правядзенне гэтага масавага мерапрыемства», – адзначыў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Законапраект забараняе стрымы з недазволеных уладамі імпрэзаў.

«Забараняецца асвятляць у сродках масавай інфармацыі, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках у рэжыме рэальнага часу масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца з парушэннем устаноўленага парадку, з мэтай іх папулярызацыі або прапаганды», – паведамляе БелТА.

Асобную ўвагу надалі працы журналістаў. Але сэнс з паведамлення пакуль не надта зразумелы.

«Законапраектам удакладняецца прававое становішча асобаў, якія прысутнічаюць на масавым мерапрыемстве ў якасці журналістаў сродкаў масавай інфармацыі. На такіх асобаў распаўсюджваецца патрабаванне выконваць грамадскі парадак нароўні з арганізатарамі і ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў. Усталёўваецца забарона на выкананне журналістамі, прысутнымі на масавым мерапрыемстве, распарадчых функцыяў у арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства, а таксама забарона на надзяленне іншых асобаў паўнамоцтвамі на аналагічныя дзеянні», – падкрэсліў Іван Кубракоў.

На палітычныя партыі і грамадскія абʼяднанні ўскладаецца адказнасць за ажыццяўленне іх членамі ад імя гэтых арганізацыяў публічных заклікаў да арганізацыі ды правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, выраб і распаўсюд дзеля гэтых мэтаў улётак, плакатаў і іншых матэрыялаў.

Hавiны
Дэпутаты ў першым чытанні зацвердзілі законапраект аб барацьбе з экстрэмізмам
2021.04.02 14:15

AB, belsat.eu

Стужка навінаў