АБСЕ адрэагавала на словы Карпянкова і патрабуе вызваліць палітвязняў

Парламенцкая асамблея АБСЕ адрэагавала на аўдыязапіс, у якім кіраўнік Унутраных войскаў Беларусі Мікалай Карпянкоў кажа пра планы стварыць лагер для пратэстоўцаў, паведамляе прэс-служба былой кандыдаткі на прэзідэнцкую пасаду Святланы Ціханоўскай.

Лідары ПА асудзілі намер ствараць лагеры і загад страляць у пратэстоўцаў, а таксама заклікаюць вызваліць Ігара Лосіка і іншых палітвязняў, прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых і пачаць міжнароднае расследаванне па рэкамендацыях Маскоўскага механізму АБСЕ.

«У АБСЕ ўражаныя і абураныя апошнімі дзеяннямі рэжыму. Гэта выходзіць за ўсе межы і патрабуе міжнароднай рэакцыі. ПА АБСЕ ад пачатку была вельмі актыўная ў беларускім пытанні. Дзякуючы ім у нас адбыліся ўвосень кансультацыі з прадстаўнікамі рэжыму, якія, праўда, ні да чаго не прывялі. Але цяпер да гэтых прадстаўнікоў рэжыму будзе шмат пытанняў, і не толькі ад нас. Сярод іншага, неўзабаве чакаем справаздачу вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па сітуацыі ў Беларусі», – кажа дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

15 студзеня ініцыятыва ByPol апублікавала аўдыязапіс з голасам, падобным на кіраўніка Унутраных войскаў Беларусі Мікалая Карпянкова. Сёння экспертыза, якую замовіў TUT.BY, пацвердзіла, што то сапраўды голас Карпянкова. Намеснік кіраўніка МУС заклікаў страляць у пратэстоўцаў, а таксама анансаваў стварэнне адмысловага лагеру для іх.

TUT.by: голас на запісы «ByPol» належыць Карпянкову

ЯП, belsat.eu

Hавiны