Іраклі Гарыбашвілі, прэм’ер-міністр Грузіі, абвесціў на адмысловым брыфінгу, што былога прэзідэнта краіны Міхаіла Саакашвілі затрымалі.
«Хачу паведаміць грамадскасці, што трэці прэзідэнт Грузіі, які знаходзіўся ў вышуку, Міхаіл Саакашвілі затрыманы. Ён пераведзены ў пенітэнцыйную ўстанову. Нашыя праваахоўнікі на найвышэйшым узроўні правялі мерапрыемства па затрыманні Міхаіла Саакашвілі», – заявіў Гарыбашвілі.
Паводле прэм’ер-міністра, праваахоўныя ведамствы загадзя мелі інфармацыю аб перасоўванні Саакашвілі пачынаючы з Украіны.
«Гэты працэс знаходзіўся пад поўным кантролем, – казаў Гарыбашвілі. – Вяліся адпаведныя мерапрыемствы, ведамствы працавалі скаардынавана, час і месца абіраліся такім чынам, каб фактары, якія маглі зашкодзіць затрыманню, былі мінімальнымі».
1 кастрычніка Саакашвілі паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ён вярнуўся ў Грузію. У той жа час прэс-служба МУС Грузіі запэўніла, што былы прэзідэнт не перасякаў мяжу.
Раней Міхаіл Саакашвілі таксама пісаў на сваёй старонцы, што «галасаванне за «Мечту» будзе падпісаннем смяротнага пакарання для Грузіі» і заклікаў 2 кастрычніка пайсці на выбары, каб «уратаваць Грузію», а 3 кастрычніка рушыць калонамі з усёй Грузіі на Тбілісі, каб «абараніць вынікі выбараў». Саакашвілі абяцаў далучыцца да адной з калонаў.
Саакашвілі займаў пасаду прэзідэнта Грузіі два тэрміны запар у 2004 – 2013 гадах. Быў адным з лідараў «рэвалюцыі ружаў».
У Грузіі супраць Міхаіла Саакашвілі ўзбуджаныя дзве крымінальныя справы, а яшчэ па дзвюх ужо вынесеныя прысуды. Сярод іншага, былы прэзідэнт асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за злоўжыванне ўладай.
ГГ, belsat.eu