Наша Ніва: Кітай замарозіў Гуцэрыеву $ 580 млн на будаўніцтва Нежынскага камбіната


Міхаіл Гуцэрыеў.
Фота: РБК

Пад пагрозай апынуўся праект будаўніцтва ў Беларусі Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбінату, які кампанія расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева «Славкалий» узводзіць на крэдытныя сродкі Кітая пад гарантыю беларускага ўрада.

Кітай у сувязі з санкцыямі замарозіў выдачу наступных траншаў крэдыту, будаўнічыя кампаніі з’язджаюць з пляцоўкі, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы.

З канца чэрвеня прыпыненыя будаўнічыя работы – паводле праекту выкарыстана $ 820 млн, а яшчэ $ 580 млн завіслі на кітайскім баку. «Славкалий» летам не атрымаў з іх чаканы транш у $ 103 млн з прычыны санкцый.

І хоць кампанія Міхаіла Гуцэрыева разам з беларускімі дзяржаўнымі структурамі спрабуе пераканаць кітайцаў вырашыць праблему, забудоўнікі зʼязджаюць з пляцоўкі, «Славкалий» мае перад імі даўгі.

Hавiны
Як набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы хаваюцца ад санкцыяў
2021.08.28 08:32

Нагадаем, што свой самы маштабны праект у Беларусі Міхаіл Гуцэрыеў рэалізоўваў праз «GCM Global Energy PLC»: гэтая брытанская кампанія ёсць суўладальніцаю прадпрыемства «Слаўкалій», што будуе Нежынскі горна-абагачальны камбінат. Раней уласнікам «GCM Global Energy PLC» быў сам Міхаіл Гуцэрыеў, але пасля ўвядзення ў чэрвені санкцыяў ЕЗ ён перадаў свой пакет акцыяў малодшаму брату – Саіту-Саламу.

У жніўні, адразу пасля абвяшчэння брытанскіх санкцыяў, стала вядома, што Міхаіл Гуцэрыеў перадаў брату і свой пакет акцыяў у кампаніях «Нефтиса» ды «РуссНефть». Таксама алігарх пакінуў пасаду кіраўніка рады дырэктараў «РуссНефти». Кампанія пасля гэтага нават запрасіла юрыдычных кансультантаў, якія мусілі пацвердзіць, што Гуцэрыеў цяпер не кантралюе «РуссНефти» і парушэння нормаў санкцыйнага рэгулявання тут няма.

Санкцыі ўскосна мелі наступствы і для бізнесу сына Міхаіла Гуцэрыева – Саіда. Персанальна супраць яго ніхто абмежаванні не ўводзіў, але на фоне апошніх падзеяў ён прадаў свае долі ў трох крыптабіржах – Currency.com, Capital.com і Zubr.io. Пакупнікі – міжнародная крыптабіржа FTX і Віктар Пракапеня – чалавек, які мае цёплыя стасункі з сям’ёю Гуцэрыева. Прадстаўнікі Саіда сцвярджаюць, што ўгоду рыхтавалі з мінулага года. Аднак эксперты перакананыя, што гэта вынік заходніх санкцыяў, бо ўвесь звязаны з Гуцэрыевым бізнес стаў таксічным для еўрапейскіх партнёраў.

Неўзабаве пасля гэтага стала вядома, што Саід Гуцэрыеў сышоў і з пасады генеральнага дырэктара нафтагазавай кампаніі «ФортеИнвест». Праўда, Саід праз кіпрскую фірму «Beristore Holdings Limited» застаецца ўласнікам беларускага «Парытэтбанку».

Аналітыка
Дамоклаў меч «іранскага фармату». Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.08.11 09:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў