Вынікі пошуку для:

Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда

Палітычны зняволены Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла асадкай падчас суда над ім 1 чэрвеня ў Менску. Як піша праваабарончы цэнтр «Вясна», ён стаў на лаўку ў клетцы, каб да яго не дацягнуліся канваіры, і ўтыркнуў сабе ў горла асадку. Яго вынеслі з суда непрытомным.

Перад тым, як зрабіць гэта, ён сказаў:

«Бацька! Пасля спаткання да мяне прыйшоў ГУБАЗ. Паабяцаў, што калі я не прызнаю віны, у мяне будзе «прэс-хата», крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. «Прэс-хата» ў мяне была – 51 дзень. Так што ты рыхтуйся».

«Прэс-хаты» – камеры, дзе зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, ствараюць невыносныя ўмовы арыштанту, які «правініўся» перад адміністрацыяй.

Усіх прысутных выгналі з залы паседжанняў. «Новы час» піша, што дактары хуткай прыбеглі да залы, людзі крычаць: «Уратуйце яго!»

Бацька Латыпава расказаў «Вясне», што з 11 красавіка палітвязня трымалі ў штрафным ізалятары з людзьмі з псіхічнымі асаблівасцямі.

«Наша ніва» дадае: клетку не маглі адразу адчыніць, бо ў канваіраў не было ключоў – яны былі ў кагосьці за дзвярыма. Пакуль адчынялі клетку, палітвязень страціў прытомнасць.

Латыпава вынеслі з суда непрытомным, з будынку выгналі ўсіх наведнікаў працэсу. Як піша «Вясна», палітвязня збіраюцца ўводзіць у штучную кому.

Латыпава павезлі ў 9-ы шпіталь.

Сцяпана Латыпава вінавацілі ў «намеры атруціць сілавікоў», але перадумалі. За што яго судзяць?

Суд супраць жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава пачаўся 1 чэрвеня. Працэс ідзе ў судзе Савецкага раёну Менску. Латыпаў – 41-гадовы арбарыст (дрэвавод) і прамысловы альпініст, дырэктар кампаніі «Беларбо» і жыхар дому № 1 на менскім Смаргоўскім тракце – каля плошчы Пераменаў.

Сілавікі схапілі яго 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў людзей у масках назвацца. Удома правялі ператрус. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта «планаваў атруціць сілавікоў», аднак судзілі за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «супраціўленне пры затрыманні» і «махлярства ў асабліва буйным памеры». На судзе ў яго на твары былі бачныя сляды пабояў.

АА belsat.eu

Hавiны