21-гадовай дзяўчыне, якой на Акрэсціна перабілі ногі і парвалі звязкі, хочуць прысудзіць «хімію»


У судзе Маскоўскага раёну Менску працягнуўся разгляд справы супраць Аляксандры Патрасаевай, дзяўчыны, якая ў ноч на 11 жніўня выйшла на вуліцу, каб аказаць медычную дапамогу пратэстоўцам, але была затрыманая.
Фота: Белсат

Суд Маскоўскага раёну Менску 1 красавіка працягнуў разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай.

21-гадовую дзяўчыну вінавацяць у актыўным удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка, бок абвінавачання рэпрэзентуе памочнік пракурора Маскоўскага раёну Фёдар Сініцкі. Аляксандра віны не прызнае.

На паседжанні 1 красавіка дзяржаўны абвінаваўца папрасіў для Патрасаевай 3 гады «хатняй хіміі» і прымусовае псіхалагічнае лекаванне. У сваю чаргу «Менсктранс» выставіў ёй пазоў на больш як 21 тысячу рублёў у якасці пакрыцця шкоды за перапыненне руху транспарту каля гандлёвага цэнтру «Рыга» ў ноч на 11 жніўня.

Наступнае паседжанне суда прызначылі на 6 красавіка.

Хто такая Аляксандра Патрасаева?

21-гадовая Аляксандра Патрасаева нарадзілася ў Вялейскім раёне, у 6 гадоў яна стала круглаю сіратою, выхоўвалася ў Чурленскім вучэбна-педагагічным комплексе і жыла ў прыёмных сем’ях. Дзяўчына працавала ў Менску рэкламнаю агенткаю.

Hавiны
Сяброўка – пра Аляксандру Патрасаеву, якой пагражае да 8 гадоў: Яна гэтага не вытрымае
2021.04.01 08:30

Аляксандру Патрасаеву затрымалі ў ноч на 11 жніўня на Інстытуце культуры. Дзяўчына ў той вечар дапамагала пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў у раёне ўніверсаму «Рыга». Тры дні яе трымалі ў ізалятары на Акрэсціна. Распавядала пра катаванні: збіццё, знявагі, абразы, пагрозы згвалтаваць. Паводле Аляксандры, яе прымушалі распранацца, уставаць на расцяжку, яе збівала жанчына. З Акрэсціна яна выйшла з перабітымі нагамі і парванымі звязкамі. Ёй накладвалі гіпс.

Паўторна дзяўчыну затрымалі 16 кастрычніка ўжо ў межах крымінальнай справы. Праваабаронцы прызналі Аляксандру палітзняволенай.

Дасюль самае суворае пакаранне для жанчын, якіх вінавацілі паводле палітычных справаў, – 2,5 года калоніі – вынеслі грамадзянцы Швейцарыі Наталлі Хершэ за сцягнутую з амапаўца балаклаву.

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі як мінімум 141 палітычна матываваная крымінальная справа заведзеная супраць жанчын. Прынамсі 49 жанчын застаюцца за кратамі ці пад хатнім арыштам. Дзесяць з іх асуджаныя на рэальныя тэрміны пазбаўлення волі, астатнія чакаюць судоў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў