Выстава вядомых беларускіх фотакарэспандэнтаў у варшаўскай галерэі «Kordegarda»


Сем фатографаў і сем поўных эмоцыяў асабістых справаздачаў аб пратэстах у Беларусі. З 4 да 25 сакавіка ў варшаўскай галерэі «Kordegarda» адбудзецца выстава «Беларусь: Марш Свабоды». Ініцыятарам выступіў Еўрапарламент, а шэфства над экспазіцыяй узяў тэлеканал «Белсат».

Фотавыстава «Беларусь: Марш Свабоды» адлюстроўвае падзеі апошніх шасці месяцаў у Беларусі з гледзішча вядомых беларускіх фотажурналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам» і іншымі незалежнымі беларускімі медыямі: Юліі Шаблоўскай, Аляксандра Васюковіча, Дар’яі Буракінай, Надзеі Бужан, Андрэя Ланкевіча, Лесі Пчолкі і Вольгі Шукайлы. Як кажуць арганізатары выставы, аўтары фотаздымкаў апынуліся адначасова ў падвойнай ролі: журналіста і грамадзяніна.

««Яны заангажаваныя ў якасці журналістаў і артыстаў; як ніколі раней упэўненыя ў сабе і перапоўненыя гонарам за сваё грамадства. Мы таксама ў іх папрасілі дадаць для нас кантэксту: каго яны сустракаюць на вуліцы, як яны сябе адчуваюць, ці бяспечна, як змянілася іх жыццё за апошнія месяцы. Мы таксама спыталі, што ім пажадаць. Тут яны згодныя: свабоднай краіны, свабоднай Беларусі», – тлумачыць Ёанна Кіноўска, куратарка выставы.

Вайскоўцы паказваюць знак перамогі жанчынам, якія стаяць у ланцугу салідарнасці. Знак перамогі – адзін з сімвалаў апазіцыйных кандыдатаў. Пасля жорсткіх супрацьстаянняў сілавікоў і дэманстрантаў 9–12 жніўня гэтыя ланцугі людзей з кветкамі з’явіліся практычна ў кожным горадзе. Людзі пратэстуюць супраць гвалту і жорсткасці міліцыі. 13 жніўня 2020 г., Менск, Беларусь.
Фота: Аляксандр Васюковіч

Арганізатарам выставы з’яўляецца Еўрапейскі парламент, які 16 снежня летась узнагародзіў дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі прэміяй імя Сахарава.

«Прэмія імя Сахарава – найвышэйшая адзнака за дзейнасць у галіне правоў чалавека, якой узнагароджвае Еўрапейскі Звяз. Мэта нашай выставы – ушанаваць лаўрэатаў прэміі 2020 года і адначасова паказаць, што Еўропа падтрымлівае іх і памятае іх драматычную барацьбу за асноўныя каштоўнасці, такія як сумленныя выбары», – падкрэслівае Яцэк Сафута, дырэктар офісу Еўрапейскага парламенту ў Польшчы.

Прафесар Рафал Вішнеўскі, дырэктар Нацыянальнага культурнага цэнтру, у якім пройдзе выстава, кажа, што ўстанова, якую ён узначальвае, на працягу многіх гадоў актыўна працуе над дыялогам паміж польскай культурай і культурамі краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, падтрымлівае мастакоў з суседніх краінаў, у тым ліку і з Беларусі. Беларусы з’яўляюцца гасцямі шматлікіх мерапрыемстваў і стыпендыятамі ініцыяванай Нацыянальным цэнтрам культуры праграмы Міністэрства культуры «Gaude Polonia»:

«З пачатку грамадскіх пратэстаў у Беларусі лёс яе грамадзянаў, асабліва творцаў і мастакоў, знаходзіцца ў нашым сэрцы, таму на знак салідарнасці мы ўдзельнічаем у арганізацыі выставы».

Абнаўляецца
Беларуская дэмакратычная апазіцыя атрымала прэмію Сахарава
2020.10.22 16:06
Выстава прац беларускіх фатографаў будзе дасяжная бясплатна 4–25 сакавіка 2021 года, з аўторка да нядзелі, з 11:00 да 19:00 у галерэі Нацыянальнага культурнага цэнтру «Kordegarda» на вуліцы Кракаўскае Прадмесце 15/17 у Варшаве. Партнёры выставы: Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, Нацыянальны цэнтр культуры і галерэя «Kordegarda». «Белсат» з’яўляецца галоўным медыйным партнёрам выставы.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў