Лас-Вэгас у Адэсе: як горад рыхтуецца да блэкаўтаў


У той час вайны ва Украіне, калі ў шмат якіх гарадах максімальна адключаюць вулічнае асвятленне, у Адэсе пануе свая атмасфера.

У цэнтры гораду крамы і кавярні ззяюць дагэтуль. Але ўлады паведамілі ўсё ж пра ўвядзенне ў Адэскай вобласці з 26 кастрычніка рэжыму стабілізацыйных адключэнняў электрычнасці. Ці эканомяць звычайныя адэсіты, і як рыхтуюцца да магчымага блэкаўту?

У Адэсе і ўвечары не цёмна. На фоне астатніх украінскіх гарадоў, дзе ўжо дзеюць татальныя абмежаванні на выкарыстанне электрычнасці, тут усё інакш. Свецяцца вітрыны крамаў, нягледзячы на просьбы мясцовых уладаў эканоміць. Пры гэтым ззяюць і вулічныя ліхтары, якія, дарэчы, належаць гораду. У такой сітуацыі не ўсе адэсіты гатовыя паменшыць спажыванне святла ў сваіх кватэрах.

Сярод іх Юрый Шэхаўцаў. У яго маленькая ўнучка, тут задужа не зэканоміш:

«Калі гавораць, што звычайным людзям трэба эканоміць, ну, гэта не тое, што паўплывае сапраўды на эканомію!» – лічыць ён.

Праўда, ёсць і іншая пазіцыя: эканоміць дзе толькі магчыма. Вось як гэта робяць некаторыя адэсіты, паводле апытання:

  • «У нас дыёдныя лямпачкі. Увечары ў нас толькі працуе тэлевізар пры выключаным святле».
  • «Электрычнасць, так. Эканомлю. Наогул спрабую яго не ўключаць».
  • «Па мінімуме імкнемся ўключаць пральную машынку. Пыласос – можам пакуль без гэтага абысціся. Ну, па магчымасці. На працы я вітрыну сваю не ўключаю. І так жа бачна, што я працую. Як можам, так і эканомім».

Апроч звычайных свечак, цяпер адзін з хадавых тавараў ва Украіне – мабільныя батарэі. Гандляр мабільных аксесуараў Анатоль паказвае паўэрбанкі на вітрыне:

«Восем і дзясятка. Усё. У мяне іх няма, я іх папросту распрадаў. Як толькі паступае новая партыя, яе раскупляюць за лічаныя гадзіны».

26 кастрычніка ад «Укрэнерга» паступіла распараджэнне аб стабілізацыйных адключэннях па ўсёй вобласці на 4 гадзіны. Але пры неабходнасці святло могуць адключыць на большы тэрмін.

Гісторыі
Без газу, святла і вады, але з прапагандай: як жыве акупаваны Марыупаль
2022.10.26 10:10

Яўген Салтан, Ігар Казанжы, Адэса, Украіна, «Белсат»