Кожны соты аўтамабіль на дарогах – небяспечны


«Я набыў сабе раяль, але ён не ўлазіць у маю аднапакаёвую кватэру, таму я пастаўлю яго на лесвічнай пляцоўцы». Гэта не пра дзіўную любоў да музыкі, а пра тое, як на свет глядзіць шмат хто з беларускіх кіроўцаў. У «Размове дня» Усевалад Сцебурака пагаворыць з інструктаркаю па экстрэмальным кіраванні Марыяй Вашкевіч аб праблеме парковак, аўтамабілях без тэхагляду і коштах на бензін.

Сітуацыя на дарогах Беларусі горшая, чым у Індыі? Крыкі, гукавыя сігналы аўтамабіля, размахванне рукамі – часам на беларускіх дарогах не хапае менавіта гэтага, зазначае госця праграмы «Размова дня» Марыя Вашкевіч.

«Самая вялікая праблема беларускіх кіроўцаў – яны не жадаюць камунікаваць. Беларус не можа папрасіць іншага кіроўцу яго прапусціць. Ён стараецца ціхенька, не паказваючы павароту, знайсці дзірачку, каб у яе праскочыць. Ён не думае, заўважаць яго ці не. Але папрасіць не можа – гэта ніжэй за сярэднестатыстычную беларускую годнасць», – выказалася госця студыі.

Марыя зазначыла, што не здымае адказнасці за дарожную бяспеку з ДАІ і дарожных службаў. Пры гэтым інструктарка па экстрэмальным кіраванні прызнаецца: без кантролю беларускія кіроўцы імгненна забудуць пра дзіцячыя фатэлі, тэхагляд і іншыя абавязкі. Сёння можна з упэўненасцю казаць, што кожны соты аўтамабіль на дарогах – небяспечны для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.