У Беларусі пачалася ліцэнзійная вытворчасць прадукцыі найбуйнейшага ўкраінскага алкагольнага холдынгу Global Spirits. На Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе стартаваў выпуск гарэлкі «Мароша». Раней «Белсат» высвятліў, што прадукцыя гэтага заводу пастаўляецца ў ДНР і ЛНР. І сёння беларускія выторцы не супраць такой супрацы.
Холдынгам валодае бізнесовец Яўген Чарняк, які ўваходзіць у топ-100 самых багатых людзей Украіны. Ягоны капітал Forbes ацэньвае амаль у $300 млн. На сваёй старонцы ў Facebook Чарняк сёння выклаў відэа з Беларусі, дзе ён распавядае, што ўмовы вядзення бізнесу ў Украіне такія, што даводзіцца пераносіць частку вытворчасці ў Беларусь ды іншыя краіны.
Бізнесовец абвінавачвае ўкраінскі канцэрн «Укрспірт» у несумленнай канкурэнцыі, у тым што яны нібыта спрыяюць кантрафакту і карупцыі на алкагольным рынку краіны.
«У Беларусі, хто б што ні казаў, створаныя добрыя ўмовы і ёсць зразумелыя правілы гульні. Мы тут робім першую тэставую партыю. Спачатку гэта будзе «Мароша», а з 1 верасня часткова будзем развіваць тут «Хортыцу», – сказаў ён.
Як піша TUT.by, ліцэнзію на вытворчасць у Беларусі алкагольнай прадукцыі Global Spirits атрымала беларуская кампанія «ЮніАлкаГруп» – яго асноўным партнёрам з’яўляецца холдынг «Менск Крыстал Груп», куды ў тым ліку ўваходзіць Клімавіцкі ЛГЗ. «Хортыцу» у Беларусі таксама плануюць выпускаць на менскім «Крышталі».
Дарэчы, у 2015 годзе Global Spirits распачаў вытворчасць «Хортыцы» на гомельскім «Радаміры» (таксама ўваходзіць у «Менск Крышталь Груп»).
Канцэрн «Менск Крыстал Груп» быў створаны ў 2015 годзе па асабістым загадзе Аляксандра Лукашэнкі і цяпер аб’ядноўвае 8 прадпрыемстваў. Дэ-факта – гэта манапаліст на рынку алкаголю ў Беларусі. Прадукцыю 6 з 8 заводаў канцэрну была заўважана ў супермаркетах ЛДНР: Гомельскі лікёра-гарэлачны завод, Віцебскі ЛГЗ, Клімавічскі ЛГЗ, Гарадзенскі ЛГЗ, Берасцейскі ЛГЗ і Мазырскі спіртагарэлачны завод. Летась прадстаўнік кіраўніцтва «Менск Крыстал Груп» на ананімных умовах пацвердзіў факт наўпроставых паставак прадукцыі канцэрну сепаратыстам на Данбасе.
У траўні 2018 года афіцыйны Кіеў увёў санкцыі супраць Мазырскага спіртагарэлачнага заводу. Праўда, прычыну санкцыяў украінскі бок не патлумачыў.
Belsat.eu звярнуўся да намесніка дырэктара Клімавіцкага ЛГЗ па ідэялогіі Анатоля Аляксеева, аднак той адмовіўся каментаваць супрацу з украінскім холдынгам і параіў звярнуцца да іншых топ-менеджараў прадпрыемства, якія цяпер акурат недасяжныя.
На пытанне, ці пастаўляе завод сваю прадукцыю ў ДНР і ЛНР, галоўны ідэалога адказаў: «Паняцця не маю».
Акрамя таго, журналіст belsat.eu звязаўся з аддзелам вонкавакаваэканамічнай дзейнасці Клімавіцкага ЛВЗ пад выглядам бізнэсоўца з Данецку, які б хацеў пастаўляць беларускую прадукцыю на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі. У гэтым выпадку адказ быў больш грунтоўны.
Прадстаўнікі заводу не толькі пагадзіліся без пасярэднікаў пастаўляць сваю прадукцыю ў ДНР, але яшчэ і паведамілі, што на дадзены момант Клімавіцкі завод ўжо працуе ў Данецку з ААТ «Лаверна груп», якому наўпрост адгружае гарэлку гандлёвай маркі «Сярэбраныя ключы».
Пад выглядам данецкага бізнесоўца журналіст belsat.eu звярнуўся і на Гомельскі ЛВЗ «Радамір». На заводзе таксама пагадзіліся пастаўляць гарэлку ў Данецк, папрасіўшы, праўда, каб мы мелі «партнёраў у РФ з разліковым рахункам, з якога будзе праводзіцца аплата». То бок фактычна прапанавалі працаваць праз «фірму-пракладку» (чаму такія фірмы патрэбныя для гандлі з ЛДНР «Белсат» падрабязна распавядаў у сваім расследаванні летась). Таксама на «Радаміры» паведамілі, што на дадзены момант ужо працуюць з ДНР і нават далі кантакты сваіх партнёраў у Данецку.
Адметна, што 16 траўня 2018 года Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прызнаў адкрытае акцыянернае таварыства «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» банкрутам. У дачыненні да прадпрыемства распачатая працэдура санацыі тэрмінам да 15 лістапада 2019 года. Цяпер на заводзе няма гендырэктара – ёсць антыкрызісны кіраўнік.
На якіх умовах украінскі алкагольны магнат Яўген Чарняк вырашыў часткова перанесці сваю вытворчасць на беларускае прадпрыемства-банкрут – невядома. На Global Spirits каментары не даюць, звязацца з Чарняком пакуль таксама не атрымалася.
Ігар Ільяш, belsat.eu