Урад суседняй краіны з асцярожнасцю ставіцца да абяцанняў Менску Еўракамісіі прадаставіць вынікі стрэс-тэстаў АЭС, што будуецца побач з Астраўцом.
Адпаведную заяву зрабіў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус:
«Яны ўжо шэсць гадоў абяцаюць правесці гэтыя стрэс-тэсты, і абяцанні ўсё яшчэ актуальныя, а перад паседжаннем камітэтаў Канвенцыі ЭСПА даюцца ўсё новыя абяцанні, таму трэба асцярожна ставіцца да гэтага. Вядома, мы патрабуем гэта зрабіць згодна з метадалогіяй Еўразвязу. Паглядзім, ці будзе гэта выканана, аднак, хачу падкрэсліць, што гэта не адзіная просьба альбо патрабаванне».
Міністр адзначыў, што Літва працягвае крытыкаваць выбар пляцоўкі для будаўніцтва, кансультацыі і ўзгадненне з суседзямі.
Сюжэт «Абʼектыву» пра рэактар БелАЭС
У сваю чаргу віцэ-міністр энергетыкі Сіманас Шатунас адзначыў, што стрэс-тэсты не вырашаюць істотных праблемаў бяспекі станцыі:
«Пазіцыя Літвы па так званых стрэс-тэстах застаецца ранейшай – яны павінныя быць праведзеныя ў поўным абʼёме, і згодна з еўрапейскай метадалогіяй. Аднак, разам з тым мы адзначаем, што гэта не вырашыць істотнай праблемы – месца будаўніцтва БелАЭС і выбару пляцоўкі, паколькі яны абраныя не належным чынам, у парушэнне міжнародных патрабаванняў».
Беларускі бок абяцае ў кастрычніку даць Еўракамісіі справаздачу беларускага «Дзяржатамнагляду» аб тэстах БелАЭС у неспрыяльных умовах. Менск запэўнівае, што самі тэсты былі праведзеныя яшчэ ў снежні.
65% жыхароў Літвы лічаць, што БелАЭС уяўляе пагрозу для бяспекі краіны. Пра гэта сведчыць апытанне грамадскай думкі, праведзенае па замове агенцтва «BNS» кампаніяй рынкавых і сацыялагічных даследаванняў «RAIT».
Глядзіце таксама: