Кінапрэмʼеры сезону: «Сінемакон» у Лас-Вегасе. Другая частка


Прадстаўнікі буйных кінастудый збіраюцца на Кінакангрэс у Лас-Вегасе, каб распавесці аматарам пра свае планы, праекты, пахваліцца новымі распрацоўкамі ды прэзентаваць прэмʼеры, якія адбудуцца неўзабаве, у наступным сезоне. Зараз мы працягнем падарожжа на «Сінемакон».

Нягледзячы на факт, што сёлета мы ўбачым і новых «Вартаўнікоў галактыкі», і «Чужога», і новыя прыгоды бога Тора, тут пастанавілі распачаць піяр новага фільма пра Джуманджы – дошку, якая перакідвае гульцоў у іншую, фантастычную прастору. Спявак-актор Нік Джонс, акторка Кэрэн Гілан і ветэран Джэк Блэк спрабуюць заінтрыгаваць гледачоў. Яны кажуць, што новы фільм «Джуманджы»- гэта не рымейк, але працяг гіта 20-гадовай даўніны.

Наступныя творцы абяцаюць, што іхны прадукт – на ўзроўні залатых галівудскіх стандартаў. Маюцца на ўвазе крымінальныя сюжэты кшталту фільмаў з удзелам Пола Ньюмэна, Джына Хэкмэна ці Стыва МакКуіна.

«Малы на драйве» – гэта гісторыя не проста пра гоншчыкаў ці спорт, але пра рабаўнікоў банкаў. Таму фільм прывабіць увагу аматараў крымінальных жанраў. Па свеце пракат фільма пачнецца ў чэрвені, у Беларусі плануецца на жнівень.

Прыгожыя пейзажы Лас-Вегаса толькі адцяняюць галоўную інтрыгу года ў свеце кінапрэмʼер – працяг надзвычай культавага фільма «Той, хто бяжыць па лязу».

Рэжысаваў стужку Дэніс Вільнёў (пастаноўшчык добра вядомага «Прыбыцця»). У галоўнай ролі ў новым «Блэйд-раннеры» зняўся Раян Гослінг:

«Падзеі адбываюцца ў будучыні, праз 30 гадоў. Там усё змянілася. Але гэта працяг, не скокі на касцях класікі. Больш нічога не скажу, бо не маю дазволу. Гарысан Форд, дарэчы, тут здымаўся таксама».

«Той, хто бяжыць па лязу 2049» выйдзе ў беларускі пракат у кастрычніку.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu