Палітык, якога знялі з цягніка Варшава-Масква ўночы 25 сакавіка на берасцейскім вакзале, лічыць сваё затрыманне выкраданнем. 28 сакавіка паэт скіраваў адпаведны дакумент у пракуратуру. Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.
Уладзімір Някляеў звяртае ўвагу на тое, што супрацоўнікі КДБ і АМАПУ, які забралі яго ў ІЧУ, не прадʼявілі ніякіх дакументаў, не паведамілі прычыны затрымання, адвакату і сваякам не паведамілі, дзе ён знаходзіцца. Пры гэтым супрацоўнікі Ленінскага РАУС адмаўлялі, што паэт знаходзіцца ў іх.
У сваёй скарзе ў Генпракуратуру палітык патрабуе прызнаць яго затрыманне выкраданнем і распачаць крымінальную справу за заведама незаконнае затрыманне і ўтрыманне пад вартай.
Уладзімір Някляеў лічыць, што парушана яго права на непрымяненне катаванняў, а таксама права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. У міжнародным праве ўтрыманне чалавека пад вартай без доступу адваката, а таксама без сувязі з вонкавым светам прызнаецца катаваннем.
Пасля затрымання Уладзімір Някляеў перанёс гіпертанічны крыз, дагэтуль ён знаходзіцца ў берасцейскім шпіталі.
ДР belsat.eu