«Народ гэтага не даруе. Вам канец». Някляеў звяртаецца да міліцыі


Паэт Уладзімір Някляеў, якога КДБ затрымаў на берасцейскім вакзале напярэдадні Дня Волі, звяртаецца да беларусаў, уладаў і міліцыі.

Пра затрыманне: «Я выкрадзены»

Кіраваў маім затрыманнем КДБ, а затрымліваў берасцейскі АМАП. Мяне прывезлі ў РАУС без складання [пратаколу]. Па сутнасці, я цяпер выкрадзены. Я тут знаходжуся выключна па медычных дакументах, што аформіў шпіталь хуткай дапамогі. Іншых дакументаў, якія б пацвярджалі маё затрыманне ці неяк яго абгрунтоўвалі, мне нават не збіраліся выдаваць. Нейкі міліцыянт заікнуўся [пра гэта], а ад яго адмахнуліся як ад дурной мухі.

Падобны досвед затрымання ў мяне ёсць. Да сёння не магу дараваць ім момант, калі яны гэтак абышліся з маёй жонкай, якая цягам дзесяці дзён не ведала, ці жывы я, ці мёртвы. Яна не спала ні хвілінкі дзесяць дзён. Гэта адбіваецца на яе здароўі да сёння.

Пра Дзень Волі: «Народ не даруе»

Усё, што адбылося ў Менску, я чуў толькі ад медперсаналу, калі мяне ўчора вазілі на тамаграфію галаўнога мозга. Усе сястрычкі глядзелі [трансляцыі] на смартфонах з Плошчы. І я паглядзеў. Гэта было горш, чым на Плошчы 2010-га. Яны як сабакі бегалі, гэтыя шуняўкі, за народам, за дзецьмі, за жанчынамі, за старымі. Вам – усё! Гэтага здзеку, быццам яны ўжо не людзі, народ вам не даруе. Усё ўжо выйшла з тонкай лініі палітычнай барацьбы і стала справай народа. Вам капцы.

Пра Статкевіча: «Паспрабуюць прышыць крыміналку»

Статкевіча забралі, па ўсім відно. Паспрабуюць, відаць, прышыць крыміналку. І мне паспрабавалі б, калі падзеі не пачалі разгортвацца гэтак, як разгортваюцца.

Пра настроі ў грамадстве: «Усе супраць вас стоадсоткава»

Са мной у камеры ў берасцейскім ізалятары часовага ўтрымання сядзела яшчэ шасцёра. Вось там б вы паглядзелі на мітынг: з шасці чалавек не было ніводнага, хто б заступіўся за вас. Усе крычалі: «Сабакі!», «Сукі» і іншымі словамі, якімі звычайна кажуць у турмах. І гэта рэальнасць: шэсць чалавек, якія стоадсоткава супраць вас.

А ведаеце, хто там сядзеў? Тыя, каго вы ўзялі ні за што. Хлопец ідзе са сваім знаёмым. Ён не ведае, што знаёмы часам пакурвае траўку. Яны заходзяць у кавярню. Той ідзе кудысьці па гэтую траўку, а гэты сядае за столік. Вы налятаеце сваім АМАПам, хапаеце яго, і зараз шыеце яму артыкул, па якім ён будзе сядзець ад васьмі гадоў. Вы што робіце, людзі? Ай, да каго я звяртаюся – нелюдзі.

І там такіх было трое. Адзін праходзіў побач з гаражом, які абрабавалі. Другі – айцішнік, у якога знайшлі праграму, у якой не змаглі разабрацца.

І пасля мітынгу, які я правёў у камеры, яны мне сказалі: «Ці мы іх зломім, ці будзем вымушаныя зʼехаць з краіны». Яны з’едуць, а вы застанецеся са сваймі палкамі і сабакамі шуняўскімі.

Стужка навінаў