Першы прыватны музей у Горадні пад пагрозаю закрыцця


Усяго два месяцы мінула з афіцыйнага прызнання прыватнага «Музею культурна-гістарычнай спадчыны Горадні», а ўстанова перабывае на мяжы закрыцця.

«Вядома, можа закрыцца, бо не стае грошай на арэнду памяшкання», – прызнае стваральнік першага прыватнага музею ў Горадні Януш Паруліс, які ўтрымлівае экспазіцыю фактычна з уласнай пенсіі.

«За пяць гадоў – а ўжо шосты год як існуе гэты музей – толькі адзін месяц летась наведнікаў было столькі, што я змог аплаціць арэнду».

Напрыканцы мінулага года калекцыянер дамогся, каб ягоную 40-тысячную калекцыю экспанатаў прызналі афіцыйна. Цяпер музей мае статус прыватнай установы культуры. Але ні гэта, ні пачатак дзеяння бязвізавага рэжыму для замежнікаў сітуацыі не палепшыла. За снежань музей наведалі 10 чалавек.

Януш Паруліс не раз звяртаўся па дапамогу да мясцовых уладаў:

«Калі б нашыя ўлады былі зацікаўленыя ў культуры – то пад Год культуры маглі б мне дапамагчы».

А пакуль што дапамагаюць толькі дабрачынцы і валанцёры. Апроч некалькіх ахвотных, што падтрымліваюць парадак у памяшканні, з экспанатамі бясплатна працуе былая музейная работніца. Яна апісала ўжо каля 4 тыс. рэчаў з калекцыі.

«Я, напэўна, нарадзілася музейнікам, працавала ў музеі гісторыі рэлігіі 35 гадоў, галоўнаю захавальніцаю фондаў. Увесь свой досвед прынесла сюды, у музей Януша», – зазначае валанцёрка Ніна Ляшчонак.

У адрозненне ад большасці музеяў, працуе экспазіцыя – на запатрабаванне, у любы час, а экспанаты з калекцыі можна браць у рукі. Але колькі зможа пратрымацца музей у такіх варунках – невядома.

Іншыя тэмы:

«Гомель нечакана рамантычны» – выстава жывапісу Святланы Наздрын-Платніцкай дзее ў музеі гісторыі Гомля. Выставачная зала Магілёва прэзентуе фотаздымкі гораду часоў Другой сусветнай вайны.

Чытайце таксама:

Ірына Дарафейчук, belsat.eu