Незалежнага журналіста выклікаюць у Жлобінскі раённы суд у сераду, 24 лютага а 14:30. Стандартнае абвінавачванне фрылансера – «незаконны выраб прадукцыі СМІ – працы без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсат»».
Паводле журналіста, судзіць яго будуць адразу па дзвюх справах. Гэта вынікае з пратаколаў, якія журналіст атрымаў на мінулым тыдні са Жлобінскага РАУС.
Жлобінская міліцыя мае прэтэнзіі да двух сюжэтаў пра рэгіён, якія выйшлі ў эфіры «Белсату» – пра паміраючую вёску і эканамічныя праблемы на прамысловым гіганце – Беларускім металургічным заводзе.
Таксама на Жукоўскім «вісіць» аналагічны пратакол па артыкуле 22.9 КаАП, складзены Веткаўскім РАУС за відэаздымкі пра эканамічныя праблемы на ткацкай фабрыцы і масласырзаводзе.
Кастусь Жукоўскі зʼяўляецца антырэкарсменам у атрыманні штрафаў за працу без акрэдытацыі. У лютым фрылансера ўжо каралі: суд Буда-Кашалёўскага раёну спагнаў з яго 40 базавых велічынь – 8 млн. 400 тыс. рублёў. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт.
20 студзеня суд Кармянскага раёну пакараў Жукоўскага штрафам у 30 базавых велічынь (6 мільёнаў 300 тысяч рублёў).
14 студзеня Калінкавіцкі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (7 мільёнаў 350 тысяч рублёў) за парушэнне артыкулу 22.9 КаАП.