У жанчыну тройчы страляў муж. Яна напісала пра гэта песню


Больш за 40 гадоў таму адну з вёсак Віцебскай вобласці скаланула страшная падзея: муж спрабаваў забіць жонку, якая нарадзіла яму чатырох дзяцей. Дагэтуль у целе жанчыны, якая стала ахвярай лютай рэўнасці, застаецца карцеч з паляўнічай стрэльбы.

87-гадовая гарманістка, якая жыве ў вёсцы Кішы Глыбоцкага раёну, шчыра і эмацыйна распавяла ў праграме «Вяскоўцы» пра балючыя выпрабаванні, якія спаткалі яе ў жыцці. На долю спадарыні Таісіі выпала смерць 5-месячнага сына, ад якога яна гэтак і не паспела пачуць слова «мама».

Паўгода жанчына правяла ў шпіталях пасля таго, як у яе праз рэўнасць тры разы страляў уласны муж. Ужо ў сталым узросце яна пахавала яшчэ аднаго сына, які загінуў у таямнічых абставінах. Раніцай у дзень смерці ён пачаў пераказваць маці дзіўны сон, які яго вельмі растрывожыў. Праўда, спадарыня Таісія не даслухала ягоны аповед да канца, так ніколі і не даведаўшыся, што так уразіла ў сне ейнага сына.

За сваё жыццё спадарыня Таісія навучылася касіць, баранаваць, хадзіць за плугам, рабіць валёнкі і нават класці цагляныя печы. Жыхарка Кішоў, нягледзячы ні на што, захоўвае аптымізм, не выпускае гармоніка з рук і сама складае песні.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.