Упершыню за шмат гадоў Кітай разгарнуў сцяг на раней не занятым аб'екце – ідзецца пра рыф Сэндзі-Кей у Паўднёва-Кітайскім моры непадалёку ад важнай вайсковай базы Філіпінаў, хаўрусніка ЗША. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман назваў дзеянні КНР правакацыяй.
Кітай увёў «марское кіраванне і здзейсніў суверэнную юрысдыкцыю» над рыфам Сэндзі-Кей у Паўднёва-Кітайскім моры, напісала кітайскае выданне «Global Times». Афіцыйна аперацыю назвалі інспекцыяй дзеля фіксацыі «незаконнай дзейнасці» Філіпінаў, а таксама каб прыбраць рыф ад смецця.
Берагавая ахова разгарнула сцяг Кітаю, «каб пацвердзіць суверэнітэт», адзначае газета.
Гэты крок узмацняе рызыку новага супрацьстаяння ў рэгіёне, піша «Financial Times». Кітай цяпер уважае воды вакол рыфу як сваю тэрыторыю, што павышае пагрозу сутыкнення з філіпінскімі вайскоўцамі. Рэч у тым, што недалёка месціцца востраў Тхіту з важным фарпостам Філіпінаў – хаўрусніка ЗША, адкуль сочаць за перасоўваннем кітайцаў у гэтым раёне. Законы КНР дазваляюць берагавой ахове спыняць і аглядаць замежныя судны, якія «ўрываюцца» ў тэрытарыяльныя воды Кітаю, і затрымліваць экіпажы.
Зрэшты, як падкрэслівае «FT», кітайцы пакінулі спрэчны рыф, на які прэтэндуюць таксама Філіпіны і В'етнам, і пакуль няма прыкметаў, што яны плануюць заставацца там стала ці нешта будаваць.
«На гэты момант цяжка ацаніць мэты і маштаб кітайскай правакацыі ў Паўднёва-Кітайскім моры», – піша ў сваім Telegram-канале гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Пры гэтым эксперт мяркуе, што час для такой правакацыі абраны невыпадкова:
,,«Канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам (апошні – хаўруснік Кітаю) пагражае перарасці ў вайну з ядраваю перспектываю, стасункі паміж ЗША і Кітаем імкліва пагаршаюцца, а ўведзеныя адміністрацыяй Трампа мыты нанеслі шкоду сувязям ЗША з партнёрамі – В'етнамам і Філіпінамі. Акрамя таго, Белы дом цяпер засяроджаны на вайне ва Украіне і перамовах з Іранам, і яму, відавочна, не да В'етнаму і Філіпінаў».
Фрыдман падкрэслівае, што гэтая гісторыя ў Паўднёва-Кітайскім моры не мусіць падавацца «далёкаю і няважнаю». Яна нагадала аналітыку сцэнар прафесара Універсітэту бундэсвэру Карла Масалы з кнігі «Калі Расея пераможа».
«У гэтым сцэнары Расея ў канцы сакавіка 2028 года тэстуе NATO, калі захоплівае эстонскую Нарву і востраў Хійумаа. За месяц да гэтага на просьбу Масквы Кітай здзяйсняе адцягвальны манеўр – захоп філіпінскага рыфу, на які прэтэндуе Пекін», – піша аналітык.
Паводле сцэнара, Вашынгтон не дапамагае наўпрост Філіпінам, а пачынае закулісныя перамовы з Пекінам, каб пазбегчы эскалацыі і вайсковага сутыкнення з Кітаем.
Фрыдман задаецца пытаннямі, гуляе КНР самастойна ці каардынуе свае дзеянні з Расеяй ды якая роля адведзеная Пакістану, і падсумоўвае: хоць усё гэта і сцэнар, «у наш час нават самыя неверагодныя алармісцкія прагнозы варта ўспрымаць сур’ёзна».
Сцяпан Кубік belsat.eu